Эксперты распавялі якімі будуць стасункі Беларусі і ЗША пры Трампе

video

Будуць санкцыі ці крэдыты? Чаго чакаць нашай краіне ад новага гаспадара Белага дому? Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Доналда Трампа з перамогаю і тым, што той вярнуў амерыканскае грамадства да… сапраўднай дэмакратыі. Ці паўплывае перамога скандальнага мільярдэра, які неаднаразова рабіў рэверансы ў бок Пуціна, на дэмакратызацыю нашай краіны?

Трамп нічога не ведае пра Беларусь?

Да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ЗША беларусы ставяцца гэтаксама па-рознаму, як і самыя амерыканцы. Але схільныя ацэньваць іх праз прызму інтарэсаў нашага ўсходняга суседа.

Беларускія эксперты пакуль робяць досыць асцярожныя прагнозы адносна будучых беларуска-амерыканскіх дачыненняў. Рэзкіх крокаў у бок паляпшэння ці пагаршэння ад Трампа яны не чакаюць. Бо яму, асабліва на пачатку, будзе проста «не да Беларусі», пытанне якой для Вашынгтону не прыярытэтнае. Тым больш для недасведчанага ў палітыцы Трампа, які, як мяркуе палітолаг Андрэй Фёдараў, можа нават не ведаць, дзе нашая краіна на мапе.

«А вось ускосна гэта можа быць дрэнны ўплыў, калі, насуперак чаканням, пагоршацца расейска-амерыканскія дачыненні, насуперак абяцанням Трампа. У такім выпадку Масква націсне на Менск абавязкова», – мяркуе Андрэй Фёдараў.

Беларусь можа стаць разменнаю манетай

Пра рыкашэт ад развіцця амерыканска-расейскіх стасункаў гаворыць і палітолаг Алесь Лагвінец.

«Ёсць пэўная плынь у рэспубліканскім істэблішменце, сярод рэспубліканцаў, якая лічыць, што Злучаныя Штаты мусяць дамовіцца з Расеяй адносна падзелу сфераў уплыву. Зважаючы на залежнасць Беларусі ад Расеі, магчыма, яны думаюць, што варта Беларусь цалкам перадаць у зону адказнасці Расеі», – упэўнены палітолаг.

Лукашэнка задаволены, але санкцыі застануцца

Пры гэтым для самога Лукашэнкі абранне Трампа – развязанне даволі камфортнае, кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Бо бізнесовец Трамп можа перавесці міжнародныя дачыненні ў больш прагматычную плоскасць пры адначасовым заплюшчванні вачэй на сітуацыю з правамі чалавека.

«Вядома, аб адмене ўсіх санкцыяў размовы, я думаю, не ідзе, бо для гэтага ёсць такія падставы, як адсутнасць у Беларусі выбараў і дэмакратыі», – даводзіць спадар Цыганкоў.

На меркаванне назіральнікаў, поўнага адварочвання ЗША ад дэмакратычнай супольнасці Беларусі ў імя практычных інтарэсаў хутчэй за ўсё не будзе. Зрэшты, такое рашэнне нават не ў кампетэнцыі прэзідэнта, але парламенту.

«Я не думаю, каб з боку Кангрэсу былі зробленыя нейкія рэвалюцыйныя, раптоўныя крокі, што прывяло б да поўнага спынення падтрымання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», – зазначае Алесь Лагвінец.

Адкрытае застаецца і пытанне поўнафарматнай працы амерыканскай амбасады ў Менску. Вяртанне амбасадара магчымае нават у наступным годзе. Як заявіў напярэдадні павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі, двухбаковыя дачыненні будуць залежаць не ад асобы ў Белым доме, а ад супольных намаганняў у гэтым кірунку.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: euroradio.fm

Глядзі таксама
Каментары