Эксперты патлумачылі, якія перспектывы мае «Шаўковы шлях» Лукашэнкі

video

Эканаміст Леанід Заіка і палітолаг Валер Карбалевіч пракаментавалі кітайскія праекты кіраўніка Беларусі.

Усебаковае партнёрства і шматвекавое сяброўства. Запэўніванні ў непарушнай супрацы і стварэнні, цытата, «адзінага лёсу» – з такімі ўзнёслымі словамі прыехаў Аляксандр Лукашэнка ў Кітай. Гэта ўжо дзявяты візіт кіраўніка Беларусі ў Паднябесную. Што, апроч пафасных абяцанняў, можа запрапанаваць Пекіну Менск і ці трэба гэта КНР?
Магчыма, перабываючы пад уражаннем ад цёплага прыёму, Аляксандр Лукашэнку не шкадаваў цёплых словаў на адрас гаспадароў.

«Мы дасягнулі самага давяральнага, самага шчырага не толькі ўзроўню размоваў, але і дачыненняў. Вышэйшых дачыненняў у Кітайскай Народнай Рэспублікі ўжо ні з адной дзяржавай у свеце няма», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Падзяліўся кіраўнік Беларусі ўражаннямі са старшынём Усекітайскага камітэту Народнага палітычнага дарадчага савету. Да Паднябеснай у кіраўніка Беларусі сапраўды стары сантымент. Менавіта Кітай стаў першаю краінай за межамі былога СССР, куды выправіўся кіраўнік Беларусі. Паводле палітолага Валера Карбалевіча, Пекін мог бы стаць надзвычай выгадным партнёрам для Менску.

«Кітай не выстаўляе ніякіх палітычных патрабаванняў, нічога не кажа пра правы чалавека, як гэта робіць Захад. І гэта падштурхоўвае Беларусь да супрацы з Кітаем. І да таго ж вялікія спадзяванні на тое, каб ураўнаважыць цяжкія адносіны з Расеяй», – кажа Валер Карбалевіч.

З Крамлём акурат працягваецца газавая спрэчка, Масква скарачае пастаўкі нафты і адмаўляецца купляць беларускую сельскагаспадарчую прадукцыю. Толькі ў чацвер расейская Генпракуратура абурылася тым, што Беларусь летась прадала ў Расею ў пяць разоў больш яблык, чымся ўвогуле вырасціла. А Кітай, як кажа афіцыйна статыстыка, – трэці па велічыні гандлёвы партнёр нашай краіны. Сустрэча ж Лукашэнкі са старшынёй КНР выглядала, як справаздача.

«Мы вельмі інтэнсіўна працавалі над сумесным прасоўваннем тых ініцыятываў, што былі вамі выказаныя ў Менску. І перадусім эканамічнага пасу »Шаўковага шляху«. Рэалізацыяй праекту беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, які вы назвалі жамчужынай гэтага шляху», – адзначыў Лукашэнка.

Даўно не сакрэт, што з дзясяткаў анансаваных праектаў, за шэсць гадоў існавання гэтай «жамчужыны» будуецца толькі адзін абʼект – лагістычны цэнтр. Чаму супраца развіваецца на паперы, а не ў рэчаіснасці?

«Беларусь думала, што Кітай, як і Расея ў адказ на палітычную лаяльнасць, на завярэнні ў сяброўстве, будзе даваць халяўныя эканамічныя дывідэнды. Але высветлілася, што Кітай – не Расея. Кітай вельмі прагматычна падыходзіць да супрацы і проста так нічога не дае, што кітайскія крэдыты звязаныя – выгадныя вельмі Кітаю і не выгадныя Беларусі», – працягвае Валер Карбалевіч.

Мала таго, што Пекін не дапамагае крэдытамі, (дык хутка яшчэ зможа страціць пачэснае трэцяе месца сярод гандлёвых партнёраў нашае краіны. Узаемны таваразварот за першае паўгоддзе сягае толькі траціны ўсяго леташняга ўзроўню. Тым не менш, Беларусь усцяж актыўна купляе кітайскую прадукцыю. Імпарт за гэты перыяд адстае ад мінулагодняга прыкладна на чвэрць, затое паказнік айчыннага экспарту будзе ў чатыры разы меншы. Прынамсі гэта вынікае з дадзеных за першыя шэсць месяцаў году.

«У нас ВУП зменшыўся на $ 30 млрд – у два разы, таму ўнутраныя прыбыткі ўпалі таксама – з $ 600 да 300, вонкавыя – таксама. Мы не можам столькі купляць, як раней. Для Кітая мы прадстаўляем 1/140. калі глядзець на нашыя з ім памеры», – тлумачыць эканаміст Леанід Заіка.

То бок для Пекіну з эканамічнага гледзішча Менск, мякка кажучы, не самы істотны партнёр. Хіба толькі краіна, якая прымае крэдыты, якія мусіць выдаць на кітайскую ж прадукцыю – як гэта было летась, калі краіны падпісалі ажно 25 такіх крэдытных дамоўленасцяў. Столькі ў Кітаі каштуюць абяцанні шматвекавога сяброўства.

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Прапануем вашай увазе апошняе выданне праграмы цалкам:

Глядзі таксама
Каментары