Эксперты: Пастаўляць беларускія грузы праз расейскія парты – немэтазгодна


Расея хоча павялічыць пастаўкі беларускіх грузаў праз свае парты і заваблівае сурʼёзнымі зніжкамі. Але выгадныя прапановы расейцаў выклікаюць сумневы ў экспертаў.

На гэтым тыдні «Расейская чыгунка» разгледзіць магчымасць зніжкі ў 25 % на транзіт бензіну, дызельнага паліва і мазуту з беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў у паўночна-заходнія расійскія парты.

Магчымая зніжка зробіць тарыф расейскай чыгункі ў гэтым кірунку параўнальным з тарыфамі на перавозку нафтапрадуктаў у Вентспілс і Клайпеду. Да гэтага часу нафтапрадукты з Беларусі ў напрамку партоў Расеі не ішлі, і цяпер праз транзіт беларускіх нафтапрадуктаў расейцы спадзяюцца на дадатковы прыбытак.

Да Пецярбурга цягнік можа ехаць тыдзень

Эксперты, аднак, лічаць, што пастаўкі беларускіх грузаў праз расейскія парты маюць некалькі слабых месцаў.

«З Наваполацку ідзе прамы цягнік праз Даўгаўпілс на рыжскі порт. За 7-8 гадзін ён ужо ў порце пад караблём. А па дарозе на парты ў Санкт-Пецярбургу трэба два разы перачапляць. Гэта на паўтара содняў даўжэй», – тлумачыць «Беларускім навінам» сябра Сусветнага таварыства інжынераў-лагістаў Валерый Казлоў.

Спецыяліст Беларускага навукова-даследчага інстытуту транспарту «Транстэхніка» Алег Сходкін кажа, што пры дастаўцы грузу ў расейскія парты ёсць рызыкі, звязаныя з, так бы мовіць, нацыянальнымі асаблівасцямі.

«Гэта ў нас ён прайшоў, як мае быць, на працягу сутак, а да Пецярбурга ён можа і тыдзень ехаць, – кажа Сходкін. – У Расеі ад гэтага не застрахаваны ніхто».

У апошнія гады Беларусь дыверсіфікавала экспарт нафтапрадуктаў – праз парты ў Літве, Латвіі і Эстоніі.

Эксперт у энергетычнай галіне Таццяна Манёнак заявіла «Белсату», што створаная ў прыбалтыйскіх партах канкурэнцыя дазваляе беларусам атрымоўваць самы выгадныя ўмовы перавалкі нафтапрадуктаў.

«Балтыйскія парты ня замярзаюць, – кажа Манёнак, – да таго ж за гэты час Беларусь стварыла ўласную інфраструктуру ў гэтых краінах».

Тэма расейскіх партоў ужо ўзнікала – у 2012-м, калі ўзнік канфлікт з пастаўкамі расейскіх вуглевадародаў – тады Масква адмовілася падпісваць дамову па нафце на 2013-ы год.

Тады быў і яшчэ адзін матыў – беларускія ўлады актыўна працавалі па пытанні зняцця еўрапейскіх санкцыяў, таму тэма пераарыентацыі на расейскія парты мела і яшчэ аднаго адрасата.

Цяпер жа дыялог Менска з еўрапейскімі партнёрамі наладзіўся, і патрэбы палохаць іх сур’ёзнымі эканамічнымі стратамі ўжо няма.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў