Эксперты: «Дзедаўшчына» у беларускай арміі – нагода здымаць міністра абароны?


Пад 4500 подпісаў сабрала анлайн-петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова. Ці мае сэнс такі захад грамадскасці, і ці перажывае беларуская армія новы ўзлёт сумнавядомай «дзедаўшчыны» – распавялі эксперты па бяспецы журналіст Аляксандр Алесін і палкоўнік памежнай службы ў адстаўцы Леанід Спаткай.

Алесін: «Патрэбная перабудова ўсёй выхаваўчай працы»

Грамадская кампанія разгарнулася ў сувязі з жудасным выпадкам у адной з вайсковых частак у Пячах, дзе ў склепе знайшлі павешаным 21-гадовага Аляксандра Коржыча. Сям’я і сябры ўпэўнены, што ён стаў ахвярай дзедаўшчыны.

Ваенны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін лічыць, што магчымае забойства – сімптом сістэмнага крызісу.

Аляксандр Алесін

«Гэтая інфармацыя вельмі трывожная, бо другая смерць за апошнія месяцы, і самае сумнае, што гэта адбываецца ў вучэбным падраздзяленні. Падобна, што там трэба чысціць усё. Патрэбная перабудова ўсёй выхаваўчай працы», – лічыць эксперт.

Па меркаванні Аляксандра Алесіна, прыкрая з’ява жорсткага цкавання навабранцаў жаўнерамі старэйшых прызываў – названая «дзедаўшчынай» яшчэ ў савецкім войску – можа перажываць зараз пэўны рэнесанс.

«Мне здаецца, што калі міністрам быў Мальцаў, гэтая праблема сышла на нішто. Ён камандаваў вучэбнай дывізіяй яшчэ пры СССР, і гэтую праблему ведаў», – кажа журналіст.

Праблему «дзедаўшчыны» трэба вырашаць сістэмна, лічыць Алесін – правільна было б, каб ёй заняўся і прэзідэнт А.Лукашэнка як Галоўнакамандуючы, і Рада бяспекі.

Спаткай: «Гэта не сістэма»

Як лічыць Леанід Спаткай, трагедыя з Аляксандрам Коржычам не зʼяўляецца праявай нейкай агульнай тэндэнцыі ў Узброеных Сілах.

«Гэтыя выпадкі даволі рэдкія, і яны вельмі дасканала даследуюцца. Каб рабіць нейкія вывады, трэба ведаць маральна-псіхалагічную сітуацыю ў канкрэтным падраздзяленні. Чаму жаўнеры апынуліся без кантролю, у які час дня гэта адбылося? У цэлым, наколькі я ведаю, гэта не сістэма», – мяркуе афіцэр.

Леанід Спаткай

Ён заўважае, што ў выпадку эпідэміі «дзедаўшчыны» у беларускім войску мы б мелі справу з трагічнымі выпадкамі ва ўсіх вайсковых частках, аднак як правіла гэта менавіта так званыя «вучэбкі», дзе маладых жаўнераў шмат, а афіцэраў можа не хапаць. У выніку цяжка кантраляваць паводзіны паміж жаўнерамі розных прызываў.

«Гэта сумныя выключныя выпадкі, якія, на жаль, маюць месца, перш за ўсё там, дзе жаўнеры недастаткова загружаныя рэальнай баявой падрыхтоўкай. Напрыклад, у памежных войсках у жаўнера амаль няма вольнага часу, і яму ў галаву не ўваходзіць прыціскаць саслужбоўца. Іншая справа – вучэбка, куды прыходзяць маладыя жаўнеры, сяржант на які паўгода старэйшы, але ўжо лічыць сябе «дзедам» нейкім», – адзначае Леанід Спаткай.

Міністра ў адстаўку?

Патрабаваць здымаць міністра абароны Раўкова недарэчна без вывучэння непасрэдных прычын гібелі Аляксандра Коржыча, лічаць аналітыкі.

Аляксандр Коржыч

«Гібель кожнага чалавека – гэта трагедыя, але я не ўспрымаю гэтую петыцыю і яе мэту. Найперш павінен адказваць камандзір гэтай часткі, які нясе поўную адказнасць за стан часткі. Абсалютна няма логікі патрабаваць зняць міністра. Вешаліся жаўнеры і пры Казлоўскім. Тады такіх выпадкаў было значна больш», – заўважае Леанід Спаткай.

Павал Казлоўскі – першы міністр абароны Рэспубліцы Беларусь. Займаў гэтую пасаду ў 1992-1994 гадах. Эксперт лічыць, што трагічныя выпадкі будуць і пры наступным міністры, нават калі сучаснага здымуць. Адказнасць павінны найперш несці непасрэдныя камандзіры загінулага жаўнера.

«Калі, напрыклад, афіцэр не ведае, як таго патрабуе статут, маральныя якасці падначаленых. Калі ён не ведае, якія групы складаюцца ў ягоным падраздзяленні – такому афіцэру не месца ў войску. Тады ён проста тупа ходзіць на службу, адбывае павіннасць, а не займаецца сваёй непасрэднай справай», – кажа афіцэр.

Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Фота: dosaaf-borisov.by

Петыцыя карысная як сродак прыцягнення ўвагі да праблемы, адзначае Аляксандр Алесін. Аднак патрабаванне адстаўкі міністра – не рашэнне праблемы.

«Патрэбная перабудовы ўсёй сістэмы. Петыцыя – найбольш вострая форма, я думаю, яна патрэбная, бо звяртае да праблемы ўвагу грамадскасці. Але адказаць павінны найперш канкрэтныя вінаватыя, спяшацца тут не варта, каб праблему не змаглі замаўчаць. Патрэбнае следства, падрабязнае інфармаванне грамадства пра ягоныя вынікі, адкрыты судовы працэс», – кажа эксперт.

Афіцэрская праблема?

Аналітыкі звярнулі ўвагу на якасць падрыхтоўкі, набору і на ўмовы працы беларускіх афіцэраў у сувязі з праблемай цкавання малодшых прызыўнікоў.

«Гэтая падзея кажа пра тое, што праца камандзіраў стаіць на вельмі нізкім узроўні. Думаю, трэба прачысціць усё кіраўніцтва вучэбнага цэнтру ў Пячах», – сказаў Аляксандр Алесін.

«Я ўпэўнены, што ўсё адбылося на фоне адсутнасці баявой падрыхтоўкі. Хутчэй за ўсё там і недакамплект малодшых афіцэраў, а можа і прапаршчыкаў, людзей на ўзроўні камандзіра звязу, намесніка камандзіра звязу», – лічыць Леанід Спаткай.

Скульптура «Выпускнік-лейтэнант» каля Ваеннай акадэміі

Грамадскі кантроль у арміі, па ягоным меркаванні, павінен хутчэй займацца кантролем якасці адбору кандыдатаў у вайсковыя вучэльні, за іхным размеркаваннем і забеспячэннем.

«Каб лейтэнант не думаў, каб яму хутчэй паншчыну адбыць і ўцячы на цывільнае жыццё. Каб у яго было жаданне паўнавартасна служыць, бо ён ведае, што яму гарантавана кватэра, працаўладкаванне жонкі, месцы для дзяцей у школе (у аддаленым гарнізоне), што ён не зрабіў горшы выбар, чым ягоныя аднагодкі, якія засталіся цывільнымі», – дадаў палкоўнік у адстаўцы.

Некамплект афіцэраў, высокія нагрузкі не дадаюць папулярнасці афіцэрскай службе, зніжаюць матывацыю, у выніку чаго падае якасць абітурыентаў і выпускнікоў вайсковых вучэльняў, дый самі афіцэры часта «перагараюць», ставяцца да службы менш адказна.

Хвароба ўсяго грамадства?

Усё беларускае грамадства атрымлівае праз расейскамоўны тэлевізар і інтэрнэт інфекцыю крымінальнай субкультуры, лічыць Аляксандр Алесін.

«Чалавек не нараджаецца ў войску. І дрэннае, і добрае чалавек прыносіць у войска з цывільнага жыцця. «Дзедаўшчына» сведчыць і пра праблему выхавання ў школе, і пра праблемы патрыятычнага выхавання ў цэлым. Армія павінна гэтым зʼявам актыўна супрацьстаяць, але цалкам выправіць іх не можа», – кажа эксперт.

Твар расейскага паўкрымінальнага шансону ў Беларусі.

«Самае сумнае, што будзе яшчэ менш жадаючых служыць. Гэта ўнутраная пошасць, якая можна знутры знішчыць нашую армію. Гэтая небяспека большая, чым небяспека з боку любога агрэсара», – кажа журналіст.

Вінаваты прызыў?

У беларускім ці, хутчэй, постсавецкім інтэрнэце пашыранае меркаванне, што праблема «дзедаўшчыны» найперш уласцівая прызыўным арміям, і што ліквідаваць яе можна найперш праз адмовы ад прызыву.

«Гэта не зусім так, у многіх добраахвотніцкіх арміях таксама існуюць нестатутныя адносіны, гэта адлюстраванне адносінаў у грамадстве, існавання маладзёвых і крымінальных субкультураў. Хіба што прызыўныя арміі больш звязаныя з цывільным грамадствам – менавіта таму яны могуць быць больш хворыя на агульныя хваробы ўсяго грамадства», – лічыць Аляксандр Алесін.

Пастановачнае фота з артыкулу пра нестатутныя адносіны ў амерыканскім войску. Фота: афіцыйны сайт Сухапутных войскаў ЗША

«У Амерыцы, дзе добраахвотніцкая армія, таксама ёсць »дзедаўшчына«, яе спараджаюць абʼектыўныя абставіны – розніца ў дасведчанасці службоўцаў, індывідуальныя хібы характару, інтэлекту ці выхавання. Мала што зменіцца ад пераходу на добраахвотны прыклад камплектавання», – кажа Леанід Спаткай.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары