Эксперт: Упарты Лукашэнка не разумее, што АЭС не акупіцца

video

Пасля некалькіх аварыяў, нотаў пратэсту літоўскага ўраду, шматлікіх публікацыяў у незалежных медыях і абурэння грамадскасці кіраўнік Беларусі ўсё ж узяў слова ў пытанні будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы.

Паводле Лукашэнкі, прапанову таннай электрычнасці з АЭС ён агучыў літоўскаму амбасадару ў Беларусі Эвалдасу Ігнатавічусу перад сканчэннем дыпламатычнай службы апошняга. Літва, аднак, у абдымкі афіцыйнага Менску пасля гэтай заявы кідацца не спяшаецца.

«Беларусь, якая парушае падставовыя міжнародныя патрабаванні, не будзе мець даверу і не павінная спадзявацца на продаж электраэнергіі з небяспечнай атамнай станцыі», – сказаў Лінас Лінкявічус.

Пазіцыя Вільні ў святле нядаўніх звестак з будоўлі выглядае паслядоўнай і рашучай. З пачатку года ў Астраўцы здарыліся ўжо тры аварыі. Апошняя 10 ліпеня, калі корпус рэактара ўпаў з вышыні прыкладна 2–4 метры.

«Як сталі гэтыя трасы нацягваць, я не ведаю, чаму ўначы гэтага рабілі, упаў рэактар. Мы ж ніхто не былі там, былі толькі людзі, якія ў начную нешта рабілі. І што гэта за работу людзі робяць ноччу?», – распавяла працаўніца Астравецкай АЭС.

Звычайныя літоўцы непакояцца

Афіцыйнага каментара ўладаў грамадскасць дачакалася толькі праз 2 тыдні пасля інцыдэнту. Як сцвярджаюць у Міністэрстве энергетыкі, мантаж корпусу адразу прыпынілі. Беларуская экспертная група мае вызначыць далейшы лёс пашкоджанай канструкцыі. Але суседзі патрабуюць дапусціць да будоўлі міжнародную камісію.

«За гэтым абʼектам мусіць быць сурʼёзны нагляд, але не беларускага боку, а міжнародных арганізацый», – мяркуе жыхар Вільні.

«Колькі тут кіламетраў ад Астраўца да Вільні? У галаве не ўкладаецца!», – абураецца яшчэ адна мясцовая жыхарка.

Да Вільні з Астраўца 57 кіламетраў, а да беларускай сталіцы – 150. Голас пратэсту гучыць і ў Беларусі – з патрабаваннем спыніць цьмянае будаўніцтва выступіла Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларускі антыядравы камітэт, у складзе навукоўцаў і актывістаў-эколагаў.

«Калі нават пры элементарных аперацыях магчымыя такія збоі, прабачце мяне, што будзе далей? Атамная энергетыка – вельмі далікатная рэч. Чаму Чарнобыль выбухнуў? Бо персанал дапусціў схібіў, калі ўжо рэактар не змог цярпець», – тлумачыць Георгій Лепін, фізік, сябра беларускага антыядравага камітэту.

Георгій Лепін: Станцыя не акупіцца!

А ў Беларусі, кажа прафесар Лепін, адмыслоўцаў адпаведнага ўзроўню амаль няма. Пытанні выклікае і эканамічная мэтазгоднасць праекту.

«Разлікі адмыслоўцаў паказваюць, што столькі электраэнергіі Беларусі не трэба, яе не будзе куды падзець. Больш за тое, Літва зараз пераходзіць на каардынацыю сваёй энергасеткі з Еўразвязам, і, гэта значыць, што яна не зможа ім прадаваць і не захоча ім прадаваць беларускую электраэнергію», – упэўнены Аляксандр Дабравольскі, сябра АГП, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання.

Расея адмовілася ад падобнага праекту

Беларуская АЭС, таксама як і станцыя ў Калінінградзе, планавалася Расеяй для энергетычнага дамінавання ў балтыйскім рэгіёне.

«Як толькі Расея зразумела, што таргаваць няма з кім, яны адразу ж спынілі будаўніцтва Калінінградскай станцыі. А ў нас працягваюць. Навошта?», – кажа Георгій Лепін.

На думку прафесара Лепіна, адной з прычынаў можа быць упартасць кіраўніка Беларусі, які шкадуе аб страчаным ядравым статусе. Вось толькі жаданне атрымаць атамную энергію як мага хутчэй ставіць пад пагрозу бяспеку мільёнаў людзей як у Беларусі, гэтак і за яе межамі.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары