Эксперт у праварадыкальных рухах: Нямецкая «PEGIDA» не спыніцца толькі на агрэсіўных лозунгах


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=wJXpAJEUb80″][/vc_column][/vc_row]«Патрыятычныя еўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду», або скарочана «PEGIDA», – гэтак называецца нямецкі палітычны рух, які ў кастрычніку адзначае першую гадавіну сваёй дзейнасці. Эксперт у галіне праварадыкальных рухаў доктар Ральф Мэльцэр з фонду Фрыдрыха Эбэрта папярэджвае пра радыкалізацыю руху.

Спадар Мэльцэр, ці можна сказаць, што за гэты год «PEGIDA» радыкалізавалася?

Так, можна сказаць, што «PEGIDA» радыкалізавалася. Самыя відавочныя сігналы – гэта лозунгі і прамовы, якія можна пачуць на іх акцыях, ды плакаты, якія можна пабачыць. Непрыхаваная нянавісць, якая ўжо вядзе да фізічнага гвалту. Напрыклад, выявы шыбеніцаў, так бы мовіць, зарэзерваваныя для спадарыні Мэркель і спадара Габрыэля. Гэта ўжо адназначныя праявы вербальнай радыкалізацыі.

Днямі адбыўся напад на кандыдатку на пасаду мэра Кёльну. Яна была цяжка параненая чалавекам, які заявіў, што зрабіў гэта ў якасці пратэсту супраць прыязнай да ўцекачоў палітыкі. Гэты выпадак паказвае, што сітуацыя не спыніцца на агрэсіўных лозунгах. Адныя падаграваюць нянавісць, а іншыя яе рэалізуюць у нападах.

Ці масавая з’ява сёння «PEGIDA»? Якія маштабы гэтага руху?

Гэта цяжка ацаніць. У апошнія месяцы мы бачылі, што наплыў удзельнікаў паменшыўся. На самых апошніх дэманстрацыях, якія праходзяць у панядзелкі, было зноў больш удзельнікаў. Відавочна, у руху ёсць патэнцыял на мабілізацыю ад 10-ці да 20-ці тысяч удзельнікаў. Цяжка сказаць, ці гэтая лічба яшчэ будзе расці, ці гэта ўжо была кульмінацыя.

У любым выпадку вельмі шкада, што гэтыя людзі ідуць за правымі экстрэмістамі. Надта сумна ўсведамляць, што столькі людзей даюць сябе весці непрыхаваным злачынцам, слухаюць іхную прапаганду нянавісці, прамовы, якія адмаўляюць Галакост, называюць мігрантаў жывёлінамі, заклікаюць да гвалту.

Дарэчы, а што вядома пра тых, хто стаіць на чале гэтай арганізацыі? Хто гэтыя людзі?

Вядучая фігура PEGIDA – спадар Лутц Бахман. Пра яго вядома, што ён шматкроць быў пад судом за напады, крадзеж і гандаль наркотыкамі. Гэта чалавек, які круціцца ў тусоўцы дрэздэнскіх футбольных хуліганаў. Большасць ягоных бліжэйшых паплечнікаў таксама паходзяць з фанацкага асяродку. Адныя з іх даўно ўжо вядомыя праз свае праварадыкальныя погляды і адпаведныя паводзіны, іншыя вялі дагэтуль палітычна непрыкметнае жыццё. Гэта даволі змяшаная публіка.

Але важна адзначыць, што рух гэты паходзіць з Дрэздэну, дзе ў акцыях часта ўдзельнічаюць людзі, якіх нельга катэгарычна назваць экстрэмістамі, прыходзіць шмат больш-менш выпадковых людзей. Аднак «PEGIDA» спрабуе пашырыцца і на іншыя гарады Нямеччыны за межамі Саксоніі-Анхальт, і вось гэтыя дробныя прыхільнікі руху ў іншых гарадах шмат больш радыкальныя.

Рэгіянальная «PEGIDA» – гэта ўжо звычайна адборныя мясцовыя неанацысты, якія арганізуюць мітынгі. Асабліва гэта датычыць заходняй Нямеччыны.

Як вы лічыце, ці ёсць у «PEGIDA» палітычная будучыня ў Нямеччыне?

«PEGIDA» вельмі спрэчны рух, і выклікае шмат абурэння ў грамадстве. Ёсць галасы за іх забарону. Але каб іх забараніць, трэба забараніць іхныя мітынгі, трэба забараніць іхнае аб’яднанне, якое ўжо было афіцыйна зарэгістраванае. Для гэтага трэба было б даказаць іх антыканстытуцыйныя намеры. Гэта пакуль што юрыдычнае дзеянне, якое не было праведзенае да канца. Але калі яны будуць працягваць развівацца ў тым жа кірунку, я маю на ўвазе радыкалізацыю…

Ужо ёсць першыя выпадкі, якія расследуюцца. Напрыклад, гэтыя акцыі з шыбеніцамі, ці апошнія прамовы на дэманстрацыях, якія адназначна распальвалі нянавісць… калі і далей яны будуць працягваць у тым жа кірунку, то і паасобнымі кіраўнікамі, і прамоўцамі руху, і ўсім рухам агулам будзе займацца пракуратура.

Гутарыла Жанна Кромер, «Белсат», Берлін

Стужка навінаў