Эксперт: «Расейскія спецслужбы знаходзяцца вельмі блізка да цела Карымава»


Карэспандэнт «Белсату» Мумін Шакіраў пагутарыў з галоўным рэдактарам выдання «Фергана.ру» Даніілам Кісловым пра тое, якім будзе Узбекістан пасля Іслама Карымава.

Ва Узбекістане адмянілі ўрадавы канцэрт, які быў запланаваны на 31 жніўня ў Ташкенце (1 верасня ў краіне святкуюць Дзень незалежнасці), у якім меўся ўзяць удзел кіраўнік дзяржавы Іслам Карымаў. Дагэтуль няма афіцыйнай інфармацыі пра смерць прэзідэнту Узбекістану. Яго шпіталізавалі пасля таго, як лекары паставілі дыягназ «кровазліццё ў мозг».

«Белсат»: Што вы на сённяшні дзень ведаеце пра стан Іслама Карымава?

Данііл Кіслоў: Паводле апошніх абноўленых дадзеных, ён перажыў клінічную смерць пазаўчора, у панядзелак. Сёння знаходзіцца на штучным забеспячэнні жыцця.

«Белсат»: Хто можа быць патэнцыйным пераемнікам Іслама Карымава, калі ўлічыць, што ва Узбекістане ёсць дэмакратычныя інстытуты, але ўсе гэтыя гады ўлада належала выключна адной асобе.

Данііл Кіслоў: Калі прэзідэнт хворы, не можа выконваць свае абавязкі, то ягоную пасаду мусіць часова заняць старшыня верхняй палаты парламенту – да пазачарговых выбараў, якія будуць прызначаныя цягам некалькіх месяцаў. Мы пакуль не бачым прыкметаў падобнай перадачы ўлады, хаця абсалютна ўпэўненыя ў тым, што прэзідэнт недзеяздольны.

Сёння ўся ўлада належыць прэмʼер-міністру Узбекістану Шаўкату Мірзіяеву, які зʼяўляецца на людзях, які ўскладае кветкі на святкаванні 1-га верасня, і, відаць, ён і будзе будучым прэзідэнтам.

«Белсат»: Ці можна чакаць нейкай лібералізацыі пасля Іслама Карымава? Ці наадварот рэжым у краіне з цяжкім эканамічным становішчам стане больш жорсткім?

Данііл Кіслоў: Мы бачым сёння, што апошнія гады Узбекістан быў жорсткай паліцэйскай дзяржавай. Улада на самой справе застанецца ў руках той жа групоўкі, якая абапіраецца на Службу нацыянальнай бяспекі.

Гэтыя людзі абсалютна не зацікаўленыя ў тым, каб паслабляць рэжым, праводзіць нейкія рэформы, абвяшчаць лібералізацыю. Я думаю, усё захаваецца прынамсі гэтак, як было пры прэзідэнту Карымаву.

Ніякіх падставаў для грамадскіх хваляванняў ці рэнесансу ісламскіх радыкалаў, няма. Таму ў бліжэйшы час рэжым будзе ў тым жа стане.

«Белсат»: Ці зменіцца вонкавапалітычны курс Узбекістану пасля Іслама Карымава?

Данііл Кіслоў: Некаторыя мяркуюць, што ён можа змяніцца ў залежнасці ад таго, хто стане прэзідэнтам. Гаворка ідзе пра нейкую ўнутраную барацьбу, якая, магчыма, назіраецца паміж прэмʼер-міністрам і віцэ-прэмʼерам Рустамам Азімавым. Яго лічаць празаходнім чалавекам, а цяперашняга старшыню ўраду – прарасейскім. У гэтым ёсць нейкая ўмоўная праўда, але, на маю думку, рэзкіх паваротаў не будзе.

«Белсат»: Ці магчымае палітычнае ўмяшанне ў справы Узбекістану звонку, калі ўлічыць, што Ташкент не ўваходзіць ні ў Мытны саюз, ні ў АДКБ.

Данііл Кіслоў: Не думаю, што будзе нейкі вонкавапалітычны моцны ўплыў на прыняцце рашэнняў у бліжэйшыя дні ці гады ва Узбекістане.

Калі не лічыць такім уплывам той факт, што вельмі блізка да цела прэзідэнта знаходзяцца сёння расейскія спецслужбы. Крэмль, я ўпэўнены, абсалютна дакладна ведае, што адбываецца на самой справе.

І ведае гэта менавіта праз Шаўката Мірзіяева, які, паводле некаторых звестак, мае бізнесовыя і сваяцкія кантакты з вядомым расейскім алігархам Алішэрам Усманавым.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў