Эксперт: Праз беларускія кантрабандныя цыгарэты Польшча губляе $ 265,7 млн у год


Каля 40 % кантрабандных цыгарэтаў у Польшчы паходзяць з Беларусі.

Урад польскага прэм’ера Эвы Копач з невядомых прычын абмяжоўвае пашырэнне сістэмы платных дарог viaTOLL. На гэта звяртае ўвагу выданне «Gazeta Polska», заўважаючы, што ў спіс «кантраляваных» не ўносяцца менавіта трасы ў ваколіцах памежных пераходаў, якімі актыўна карыстаюцца кантрабандысты. Сярод іх і дарогі, што пачынаюцца ў Тэрэспалі і Кузніцы, добра вядомыя беларусам. Абсталяванне дарогаў пунктамі viaTOLL прынесла б дадатковыя грошы ў бюджэт, а таксама б спрасціла змаганне з кантрабандыстамі: паліцыя магла б без праблемаў магла праверыць асобы падазроных кіроўцаў, сцвярджае журналіст «Gazeta Polska». І выказвае меркаванне, што найбольшую карысць у гэтай сітуацыю атрымлівае расейская мафія. Сюды ж можна дадаць і беларускіх кантрабандыстаў, таму што агулам тытунёвыя вырабы з Беларусі, Расеі ды з Украіны складаюць каля 82 % «шэрага» цыгарэтнага рынку Польшчы.

Цыгарэтаў з Беларусі стала больш

Прынамсі пра гэта сведчыць статыстыка польскай Памежнай службы. Сёлета цягам першых 9 месяцаў памежнікі канфіскавалі цыгарэтаў прыкладна на 7 ,68 млн злотых ($ 2,04 млн) – сума канфіскату за такі ж час летась была на 15 % меншая. Праз пільны кантроль на заходняй мяжы беларускія цыгарэты пачалі трапляць у Польшчу транзітам праз Літву.

«Гэта канал дастаўкі цыгарэтаў з Беларусі і Украіны праз краіны Балтыі. Гэтая праблема нарастае, але мы спраўляемся», – падае словы віцэ-кіраўніка Мытнай службы Славоміра Піхара «Informacyjna Agencja Radiowa».

Даязджаюць беларускія цыгарэты ажно да Вялікай Брытаніі, па дарозе даражэючы больш чым у пяць-шэсць разоў. Пра гэта піша ў каментары пад навіной пра чарговае затрыманне забароненага грузу адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў:

«Пачак цыгарэтаў «Фэст» каштуе ў Беларусі каля 0,6 брытанскага фунту (нават менш – заўв.Belsat.eu), у Вялікай Брытаніі – 3-3,5 фунты. Розніца вялікая, а тавар запатрабаваны».

І сапраўды. У папулярным тэлевізійным праекце BBC «Fake Britain» паказана, як падчас рэйду ў адной з крамаў брытанская паліцыя знаходзіць сярод кантрабандных цыгарэтаў і… гарадзенскі «Фэст»![vc_row][vc_column][vc_single_image image=”21689″ img_size=”large”][/vc_column][/vc_row]

40 % кантрабандных цыгарэтаў – беларускія

Такую ацэнку ў размове з Belsat.eu агучвае эксперт польскай Нацыянальнай эканамічнай палаты Агнешка Дурлік-Хуры. Яна кажа, што памеры кантрабанды могуць вагацца ў залежнасці ад розных фактараў. Напрыклад, у 2011 годзе колькасць спробаў зарабіць на вырабах беларускіх тытунёвых фабрык рэзка павялічылася – тады пасля дэвальвацыі вырасла розніца ў цэнах у Беларусі і ў Польшчы. Тым часам польскі бюджэт ад беларускага тытуню нясе велізарныя страты.

«Паводле прыкладных ацэнак, кантрабандныя цыгарэты з Беларусі прыводзяць да стратаў польскага бюджэту ў памеры мільярду злотых у год», – адзначае Агнешка Дурлік-Хуры.

Такім чынам, праз беларускія цыгарэты штогод польскі бюджэт не далічваецца $ 265,7 млн.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў