У крызісныя часы ў Менску назіраецца росквіт кропак фаст-фуду.
Адбываецца гэта на фоне леташняга закрыцця вялікай колькасці класічных рэстарацый, бараў ды кавярняў. Аналітыкі мяркуюць, што ў гэтым годзе тэндэнцыя будзе працягвацца.
У 2015 годзе на беларускі рынак грамадскага харчавання ўвайшлі міжнародныя «фастфудаўскія» брэнды, як Burger King, Papa John’s, KFC, Domino’s Pizza. Да таго ўжо прадстаўленыя, як McDonaldʼs, пашырылі сваю сетку.
«З аднаго боку ў сегменце фаст-фуду не было канкурэнцыі, з другога – гэты рынак знаходзіцца пад меншым уплывам крызісных зʼяваў. Фаст-фуд традыцыйна працуе з маленькім чэкам, і ў крызісныя перыяды колькасць кліентаў вырастае – за кошт перацякання кліентаў з іншых сегментаў грамадскага харчавання. Пры гэтым установы з крыху больш высокім чэкам і саліднымі выдаткамі, пры адсутнасці прадуманай канцэпцыі, наадварот, уціскаюцца і сыходзяць з рынку», – выказала меркаванне старшыня асацыяцыі франчайзераў і франчайзі «Белфранчайзинг» Вольга Лявонцьева.
Паводле «Белфранчайзінг», у 2016 годзе ў Беларусі зʼявяцца чарговыя міжнародныя брэнды фаст-фуду.