Эксперт: Дэмілітарызацыя Шырокіна – спроба ажывіць менскія перамовы


Чаму ўкраінскія ўлады рызыкуюць, пагаджаючыся на дэмілітарызацыю Шырокіна? Размова з вайсковым экспертам з Украіны Міколай Сунгуроўскім.

Ці будзе гарантаваць мір на ўсходзе Украіны дэмілітарызацыя Шырокіна, якое знаходзіцца ўсяго ў 10 кіламетрах ад Марыупалю з яго паўмільёнам жыхароў? Пра гэта мы размаўляем з Міколай Сунгуроўскім – вайсковым экспертам Цэнтру Разумкова.

«Белсат»: Зараз шмат хто сцвярджае, што дэмілітарызацыя Горлаўкі пад Данецкам была б больш лагічнай. На ваш погляд, чым абумоўлена вывядзенне добраахвотнікаў з Шырокіна, якое лічылася было найбольш выгаднай пазіцыяй для ўкраінскага войска і гарантыяй бяспекі для Марыупалю?

Мікола Сунгуроўскі: Працэс дэмілітарызацыі Шырокіна – гэта, хутчэй за ўсё, спроба ажывіць працэс менскіх перамоваў, які зайшоў у тупік, у які ён не мог не зайсці. І чаму менавіта Шырокіна, чаму не іншыя населеныя пункты? Я думаю, што пры станоўчым вырашэнні пытання, якое задаволіла б абодва бакі, гэты працэс павінен быць працягнуты на ўсю лінію размежавання. А на першым этапе такія прапановы па забеспячэнні гарантый даволі сумнеўныя. А менавіта незразумела, хто будзе кантраляваць гэту дэмілітарызаваную зону.

Як фантазія ці як прапанова нашаму палітычнаму кіраўніцтву можна было б прапанаваць такую версію, як увядзенне пілотных праектаў не толькі ў Шырокіна, а, напрыклад, і ў Дэбальцава. Мы выводзім войска з Шырокіна, а яны выводзяць з Дэбальцава пры роўных умовах гарантый. Такая прапанова дапамагла б упэўніцца ў рэальных намерах нашых праціўнікаў ісці на нейкія кампрамісы.

«Белсат»: Якіх яшчэ крокаў варта чакаць ад уладаў, улічваючы тую незадаволенасць, з якой на вуліцы Марыупалю выйшлі людзі, а з іншага боку тое, што дагэтуль у тым раёне так і не ўдалося ўсталяваць пункты назіранняў місіі АБСЕ?

Мікола Сунгуроўскі: Шырокіна знаходзіцца, так скажам, на марыупальскім накірунку магчымага ўдару. Там знаходзяцца стратэгічныя высоты, таму і адзін бок, і другі за іх б’юцца. Чаму ідзе супрацьдзеянне з боку мясцовых жыхароў? Таму што ў выпадку здачы Шырокіна Марыўпаль пападае ў зону абстрэлу менавіта з тых высотаў. Таму дастаткова складаная сітуацыя для нашага палітычнага кіраўніцтва, дабіцца нейкіх поспехаў у межах перамоваў і не дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны. Незадаволеных будзе даволі шмат у выпадку праколу.

Цалкам інтэрв’ю – у відэаверсіі вышэй.

Стужка навінаў