Эксперт: «60 % калгасаў трэба абвяшчаць банкрутамі і прадаваць»


Калгас у вёсцы Забашавічы адзін са 102 сяльгаспрадпрыемстваў, якія пастановаю Савету Міністраў будуць паддадзеныя найбліжэйшым часам працэдуры банкруцтва.

Рабочыя пра неплацежаздольнасць прадпрыемства ведаюць не з чутак. Кажуць, што заробак невялікі – Br 2.5 млн, але і той часамі выплочвалі нерэгулярна.

«Канкрэтна ніхто не сказаў што мы банкруты і нас разгоняць, а што зараз рабіць, а дзяцей як карміць, уявіце?», – кажа Вікторыя, працаўніца «Забашавічаў»

Чорная паласа для «Забашэвічаў»

Чорная паласа пачалася пасля таго, як загадам зверху да прадпрыемства далучылі суседні стратны свінакомплекс. Статыстыка аб неплацежаздольных калгасах у краіне, вядома, палепшылася, але самое таварыства пачало прыходзіць у заняпад.

Цягам апошніх паўтара года калгас змяніў 9 дырэктараў, адзін з іх прарабіў тут усяго 27 дзён. Сёняшняя дырэктар – медык паводле адукацыі, заняла пасаду 3 месяцы таму, ды таксама, хутчэй за ўсё, пакіне дырэктарскі фатэль неўзабаве. Ці прыйдзе на ейнае месца сапраўдны ўласнік?

«Стратныя прадпрыемствы па ўсім свеце пераходзяць ва ўласнасць тых, хто ў іх можа зарабляць грошы, пакажыце мне пальцам людзей, якія згодзяцца купіць нашыя прадпрыемствы? У нас у краіне 60 % калгасаў працуюць з рэнтабельнасцю 0, то іх усе 60 % трэба абвяшчаць банкрутамі і прадаваць», – упэўнены эканаміст Міхал Залескі.

Але ўладам не стае адвагі на такія радыкальныя захады. У пераліку неплацежаздольных сельгаспрадпрыемстваў, апублікаваным на афіцыйнай старонцы ўраду, разам з «Забашэвічамі» яшчэ 101 калгас. Апроч іх, яшчэ 323 прадпрыемствы пройдуць гэтак званае дасудовае аздараўленне. Разам гэта і так кожны чацвёрты калгас у краіне.

Ігар Кулей, «Белсат», фота – TUT.BY

Стужка навінаў