Экспансія гандляроў з Сярэдняй Азіі. Беларускія прадпрымальнікі б’юць трывогу


Без маркіроўкі, сертыфікатаў і нават чэкаў – на беларускіх рынках набірае абароты «шэры гандаль», якім займаюцца замежнікі. Беларускія ІП сцвярджаюць, што правяральныя органы заплюшчваюць вочы на «брудную гульню» канкурэнтаў.

Праблема экспансіі гандляроў з краінаў Сярэдняй Азіі на беларускіх рынках уздымалі яшчэ напрыканцы чэрвеня на паседжанні рабочай групы па пытаннях дзейнасці ІП пры Мінэканомікі. Прадстаўнікі рабочай групы падкрэсліваюць: справа не ў нацыянальнасці гандляроў, а ў няроўных умовах працы.

– На беларускіх рынках гандлююць і в’етнамцы, і пакістанцы, і кітайцы – беларускія прадпрымальнікі з імі не ваююць, бо працуем у аднолькавых умовах. А выхадцы з Сярэдняй Азіі чамусьці працуюць у «парніковых умовах», – адзначае чалец рабочай групы пры Мінэканомікі Анатоль Змітровіч.

Адкуль пярэпалах?

Прадпрымальнікі пачалі біць трывогу з-за таго, што жыхары правінцыі перасталі купляць у старых прадпрымальнікаў, а перацяклі да канкурэнтаў. Пачалі разбірацца: чаму? Аказваецца, кошты на тавары ў гандляроў з Сярэдняй Азіі ў 2-3 разы ніжэйшыя, чым у беларускіх ІП.

Як так? Можа, тавар мясцовы? Не, тавар як на рынках Масквы.

– Такое магчыма толькі ў адным выпадку: калі не выконваць усе патрабаванні ўказа №222: аплата 20-працэнтнага ўвазнога ПДВ, маркіроўка прадукцыі, сертыфікаты, тэрміналы, наёмныя работнікі, – кажа старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. – Мы праверылі: маркіроўкі сапраўды няма, а няма маркіроўкі – няма ні сертыфікацыі, ні іншых дакументаў. Працуюць па вельмі простай схеме: прывезлі фуру тавару, хуценька прадалі – і зноў па тавар. Пра такую схему працы марылі ўсе беларускія прадпрымальнікі. Толькі гэтым гандлярам усё сходзіць з рук, а нашым – не.

Як «паклалі» мясцовы гандаль у Петрыкаве

У Петрыкаве каля двух месяцаў дзейнічае ТАА «Ката Даромад», зарэгістраванае ў Шчамысліцкім сельсавеце Менскага раёну. Размясціўся дадзены субʼект гаспадарання ў краме «Родны Кут», які падведамасны раённаму аддзелу РАЙПА.

Гандлёвы абʼект пачаў карыстацца вялікай папулярнасцю сярод мясцовага насельніцтва дзякуючы вельмі нізкім коштам.

Але з масай парушэнняў: адсутнічае маркіроўка на вопратцы, якая адпавядала б патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Мытнага Саюзу, не маркіравана нават дзіцячае адзенне.

«Устаноўлена, што ў краме «Тавары для сямʼі» ТАА «Ката Даромад» рэалізуецца прадукцыя з парушэннямі ўстаноўленых патрабаванняў па давядзенні інфармацыі да спажыўца. У сувязі з чым прадʼяўленыя дакументы аб ацэнцы адпаведнасці (сертыфікаты адпаведнасці, дэкларацыі аб адпаведнасці) немагчыма ідэнтыфікаваць з рэалізуемай прадукцыяй», – адказаў Дзяржстандарт Гомельскай вобласці на калектыўны зварот ІП.

ТАА «Ката Даромад» дзейнічае дагэтуль, бо №510 забараняе праверку субʼектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць дзейнасць менш двух гадоў.

Па ўсёй Беларусі адкрытыя больш за 100 падобных субектаў гаспадарання.

Па якой схеме працуюць «шэрыя гандляры»

Кніга касіра, у якой адсутнічае нумар касавага абсталявання і запіс пра прадстаўленне КСА з падменнага фонду.

Супаставіўшы асартыментны пералік некалькіх абʼектаў: ТАА «Чаркесар» з Мазыра і ТАА «Ката Даромад» з Петрыкава – прадпрымальнікі атрымалі цікавую карціну.

Усе яны адкрыты ад імя ТАА (у рэдкім выпадку – ІП) у розных рэгіёнах РБ, але працуюць у іншых галінах, каб пазбегнуць праверак.

Субʼекты гаспадарання прыкрываюцца адным з пунктаў указа №510 і прадаюць тавары з парушэннямі. Касавае абслугоўванне кліентаў практычна не ажыццяўляецца. Разлік на тое, што ў пагоні за нізкімі цэнамі спажыўцы не папросяць чэк. У іншых гарадах такая ж карціна.

Адсутнічае тэрмінал. Выручка здаецца не ў банк: яе адразу кладуць «у кішэню». Вельмі нізкія цэны і адсутнасць маркіроўкі на тавары ставіць пад вялікі сумнеў і ўсю дакументацыю такіх гандлёвых абʼектаў.

Плошча, якую займаюць гэтыя субʼекты гаспадарання – ад 100 да 500 м.кв. У сувязі з гэтым адбываецца дэзарыентацыя спажыўца, ствараецца ілжывае ўражанне, што калі субʼект гаспадарання працуе на такіх плошчах, то ў яго ўсё ў парадку.

Не зусім зразумела, чаму гэтая схема працуе менавіта ад імя ТАА. Ці не дзеля таго, каб набраць велізарных крэдытаў, своечасова збегчы?

У прадпрымальнікаў Петрыкава выручкі ўпалі ў некалькі разоў, у гандлі наступіў поўны калапс. Пра гэта ІП Петрыкава ў калектыўным звароце паведамілі ў адміністрацыю прэзідэнта, МАРТ, Мінэканомікі, МНС, КДК, Дзяржстандарт.

«Самі наклікалі бяду на сваю галаву»

Дзейнасць бізнэс-супольнасці з Сярэдняй Азіі цяжка ўдарыла па мясцовым гандлі: «стогнуць і прадпрымальнікі, стогне і дзяржгандаль», гаворыць адзін з прадпрымальнікаў. Прынамсі, выручкі ў ІП скараціліся мінімум удвая.

Мясцовыя ўлады не маюць паўнамоцтваў для вырашэнні праблемы на месцы, таму 112 прадпрымальнікаў з Наваградка мусілі звяртацца з Менск.

«У Наваградку 1 чэрвеня адкрылі магазін «Нарасхват» жыхары Узбекістана, але магазін зарэгістраваны на імя беларуса ІП Шыманоўскі В. С. УНП 590927488. Магазін з нізкімі цэнамі на тавары лёгкай прамысловасці, у асноўным кітайскага паходжання. Прадпрымальнікі Наваградка заўсёды былі за здаровую канкурэнцыю і роўныя ўмовы, але цудаў не бывае, мы зрабілі некалькі кантрольных закупак у названай краме, і стала зразумела, што, не выдаючы чэкі, там, магчыма, хаваюць даход ад дзяржавы. Нашы падаткі ідуць на развіццё нашай Беларусі, а жыхарам Узбекістана хочацца хутка ўзбагаціцца за кошт нашага народа, а заадно спустошыць прадпрымальнікаў нашага гораду, якія спраўна плацяць падаткі. Цэны могуць адрознівацца ад коштаў ІП у 2-3 разы, тым больш за аднолькавы тавар які набываецца на рынках Масквы ў адным месцы (спраўджана)! Прабачце за шчырасць і шчырасць, але ўзнікае шмат чутак, здагадак, падазрэнняў, што хтосьці іх «страхуе», а па-іншаму як растлумачыць такі волю», – гаворыцца ў звароце.

ІП Наваградка прыклалі да свайго звароту фотадоказы парушэнняў.

Краму правяралі і падаткавікі, і Дзяржстандарт наведаўся да іх з маніторынгам сертыфікатаў і дэкларацый – парушэнняў дастаткова. Але наш зварот аўкнуўся і на нас: сёння пайшлі праверкі па рынках і гандлёвым цэнтры. Нам сказалі: самыя на сябе выклікалі бяду. Маўляў, працавалі спакойна, а раз пачалі скардзіцца – атрымаеце і вы па шапцы, – кажа адзін з прадпрымальнікаў. – Калі няма відавочных парушэнняў, то капаюць вельмі глыбока, нават чапляюцца да дробязяў.

Хто стаіць за экспансіяй?

Калі праблему не вырашыць, то бліжэйшым часам беларускі бізнэс папросту пяройдзе на такую ж схему працы. Зусім нядаўна за адсутнасць маркіроўкі аднаго тавару штрафавалі на 40 мільёнаў. А ў гандляроў з Сярэдняй Азіі немаркіраванай прадукцыі – 50-60 адсоткаў.

«Перспектыва» накіравала звароты ў дзяржаўныя структуры – і чакае адказу.

Справа ў тым, што цяпер дзейнічае мараторый на праверкі. Дзяржава спрабуе захаваць бачнасць аб’ектыўнасці: не правяраем беларускіх прадпрымальнікаў, то не правяраем і іншых, можам толькі правесці маніторынг. Цудаў не бывае: кошты могуць розніцца на 30-50 %, але розніца ў 2-3 разы азначае, што існуюць схемы, якія дазваляюць пазбягаць аплаты падаткаў. Прадпрымальнікі не вераць у сумленнасць азіяцкіх гасцей. Нашы прадпрымальнікі лічаць, што нехта паставіў бізнес на паток і «крышуе» яго. Справа гонару дзяржавы – зняпраўдзіць гэтыя чуткі, – рэзюмаваў Анатоль Шумчанка.

Юрый Дубіна, belsat.eu

Стужка навінаў