Экскаватарам па костках – алігарх Чыж будуе дамы ў Валожыне


Афіцыйна ў Беларусі адзначаюць 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А на справе вынікае абыякавасць да ахвяраў Другой Сусветнай Вайны. У Валожыне на месцы масавага растрэлу мясцовых жыхароў плануюць будоўлю, а парэшткі растраляных капаюць проста экскаватарам.

Менская вобласць, Валожын, стары вайсковы стадыён. На гэтым месцы нацысты расстралялі сотні валожынцаў – найперш габрэяў. Забівалі людзей проста ў выкапаных ямах, каб зэканоміць час. А сёння косткі забітых капаюць беларускія вайскоўцы. Практычна і без цырымоніяў.

ПАВЕЛ ПРАКАПОВІЧ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

“Рота жаўнераў тут гэта як мага хутчэй выграбае, іншага слова ў мяне няма, і ўсё кладзе ў простыя празрыстыя цэлафанавыя пакеты. Боты ў адзін пакет, косткі ў другі пакет”.

Месца буйной братэрскай магілы мясцовыя ўлады аддалІ пад забудову жылых дамоў на замову свінакомплексу «Данпрод» і кампаніі Юрыя Чыжа «Трайпл». Частку кватэраў планавалі аддаць і мясцовым вайскоўцам. Але пад ціскам актывістаў і старажылаў, якія на свае вочы бачылі тут расстрэл габрэяў, улады спачатку звярнуліся ў пошукавы батальён вайсковай часткі. І вось яно ідзе, перапахаванне экскаватарам.

ЛЮДМІЛА НІКАНОВІЧ, ВАЛОЖЫНСКІ ВАЕНКАМАТ:

“Так, і косці, і парэшткі людзей, шмат там, і золата, і зубы знаходзілі, шмат там людзей. Па-мойму, на пятніцу 60 чалавек ужо знайшлі”.

Адкапалі, але кінулі проста пад адкрытым небам.

АНДРЭЙ САФОНАЎ, СТАРШЫ ЛЕЙТЭНАНТ, ПОШУКАВЫ БАТАЛЬЁН:

“Мы ўжо ўсё, дапрацавалі. Чакаем рашэння, каманда паступіць – мы і паедзем”.

Мясцовыя жыхары пра братэрскую магілу ведаюць і такіх раскопак не ўхваляюць.

ЖЫХАРЫ ВАЛОЖЫНА:

“Неяк і страшна, і жудасна. І неяк не па-чалавечы”.

“Маглі бы неяк зрабіць нешта рытуальнае, агароджу ці што”.

Можна было б і перапахаваць па-чалавечы, з адпаведнымі рэлігійнымі рытуаламі, павагаю да загінулых і, магчыма, апазнаннем забітых. Але манаполію на такія раскопкі мае Міністэрства абароны. І робіць, як прызвычаілася. Экскаватарам.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў