Экс-прэзідэнт Латвіі Вайра Віке: У мяне беларускі трактар, мы вядзем бізнес з суседзямі


Напярэдадні адкрыцця саміту «Усходняга партнёрства», які распачынаецца ў Рызе, журналісты «Белсату» распыталі Вайру Віке, ці Беларусь можа выбрацца з Еўразійскага саюзу і працягнуць еўраінтэграцыю.

«Лукашэнка не зацікаўлены ў еўраінтэграцыі. У Беларусі ўсё ў парадку, у вас шчыльныя стасункі з Расеяй. Гэта незалежная краіна. Калі былі санкцыі супраць Беларусі за тое, што Лукашэнка пасадзіў у турму апазіцыйных кандыдатаў і журналістаў, а Еўропа пратэставала, Лукашэнка сказаў, што гэта не ягоная праблема. І, вядома, ён вельмі папулярны сярод насельніцтва, хоць і не ведаю, як жывецца ў Беларусі. Але што да экспарту, напрыклад, мы супрацоўнічаем. Асабіста я маю трактар беларускай вытворчасці. Ён таннейшы за амерыканскі або канадскі трактар, ён вельмі цягавіты і кампактавы. Таму мы вядзем бізнес з суседзямі», – сказала Вайра Віке.

Нагадаем, саміт пройдзе 21-22 траўня ў Рызе. Беларускую дэлегацыю як і мінулым разам ачоліць міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Адпаведнае рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка.

Сёлетні саміт «Усходняга партнёрства» будзе чацвёрты з ліку. Папярэдні праходзіў у 2013 годзе ў Вільні.

Сёння ў Рызе пачаліся першыя форумы ў межах саміту. У латвійскую сталіцу прыехалі прадстаўнікі медыяў і грамадзянскай супольнасці.

Напярэдадні саміту прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэліся са старшынём Еўрапарламенту Марцінам Шульцам.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў