Экс-памочніца Лукашэнкі адкрыла медычны цэнтр аюрведы – індыйскай псеўданавукі


Першы ў Беларусі цэнтр аюведычнай медыцыны адкрыла ТАА «Шантэр» і Wellness Solutions Pvt, Ltd (Індыя).

У 2015 годзе ТАА «Шантэр» узначаліла экс-намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч.

«Гэта не маё захапленне, але і не бізнес, проста так склаўся лёс», – распавяла TUT.BY Пяткевіч.

Паводле эск-працаўніцы Адміністрацыі прэзідэнта, ініцыятарам адкрыцця аюрведычнага цэнтра былі індыйскія патрнеры.

Цэнтр аюрведы «Шантер Велнесс» адчыніўся 9 ліпеня. Ён знаходзіцца пад Менскам на тэрыторыі санаторыя «Пралеска».

Аюрведа (у перакладзе з санскрыту – «навука жыцця») – традыцыйная індыйская медыцына. Шэраг медыкаў лічыць яе псеўданавукаю і шарлатанствам.

Кіруе беларускім цэнтрам аюрведы Жанна Хрусталёва – жонка вядомага тэлевядоўцы Ягора Хрусталёва. На сайце ўстановы паведамляецца, што амбасадар Індыі ў Беларусі Сангіта Багадур стала адной з першых наведніц цэнтру.

Наталля Пяткевіч у кабінеце Аляксандра Лукашэнкі

Наталля Пяткевіч з 2001 года працавала прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі. З 2004 па 2010 гг. выконвала абавязкі намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У 2009 годзе выйшла замуж за Аляксандра Мартыненку, намесніка кіраўніка Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. З 2010 па 2014 гг. была памочніцаю кіраўніка Беларусі. 1 кастрычніка 2014-га Аляксандр Лукашэнка вызваліў яе ад гэтай пасады.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Наталля Пяткевіч у эфіры тэлеканала СТВ назвала «імперскія амбіцыі Расеі» – «ушчэрбнай пазіцыяй».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў