Экс-«міністр ДНР» Гіркін-Стралкоў: Целы забітых у Сірыі расейскіх наймітаў спальваюць на месцы


Ігар Гіркін («Стралкоў»), афіцэр ФСБ Расеі ў запасе, які кіраваў антыўкраінскімі баевікамі на Данбасе ўвесну ды ўлетку 2014 года, распавёў у сваім блогу, як расейскія ўлады хаваюць свае страты ў Сірыі.

Не трэба здзіўляцца таму, што расейскія падраздзяленні быццам бы «не нясуць стратаў» у Сірыі, піша Гіркін у сваім блогу «Укантакце».

Фота, якое баевікі «ІД» называюць здымкам расейскіх наймітаў у Сірыі. Novayagazeta.ru

«Вялікую частку дапаможных аперацый у Сірыі праводзяць не кадравыя вайскоўцы, а найміты з прыватных ваенных кампаніяў. Паводле тых дадзеных, якія ёсць, цяпер тыя, хто паступае ў ПВК, перад адпраўкай у Сірыю пагаджаюцца ў выпадку смерці на крэмацыю цела адразу на месцы», – піша спецслужбіст-рэзервіст.

Гіркін ужо больш за год выступае супраць расейскай інтэрвенцыі ў Сірыі, бо лічыць гэта непатрэбным распыленнем сілаў. Па меркаванні былога камандзіра баевікоў, Расея павінна перш за ўсё вырашыцца на буйныя ваенныя дзеянні супраць Украіны і афіцыйна ўвесці войскі на яе тэрыторыю.



Пахаванне збітага ў Сірыі расейскага пілота. Гэтую страту было немагчыма схаваць. Фота Xinhua.

«Няма цела – няма справы. Гэты старажытны прынцып расейскага следства крэатыўна выкарыстоўваецца ў вайсковай справе. З улікам усіх іншых пунктаў [кантракта] (пра захаванне ў таямніцы ўсяго, што звязана з удзелам у ваенных дзеяннях і т.п.) – можна ўвогуле ўтылізаваць колькі заўгодна людзей і рабіць гэта больш-менш незаўважна», – распавядае Гіркін.

Гэткім чынам ён каментаваў паведамленне свайго палітычнага паплечніка Анатолія Несміяна, блогера, які рэгулярна маніторыць навіны падзеі ў Сірыі. У дадзеным выпадку Несміян напісаў пра паведамленне сірыйскай апазіцыі пра падрыў расійскага вайсковага цяжкавіка ў Сірыі.

«Стратаў, як звычайна, няма – у любым выпадку верагоднасць таго, што нашы вайскоўцы паведамяць пра інцыдэнт, хутчэй за ўсё, нулявая», – напісаў Несміян.

У 2014 годзе расейскія грамадскія актывісты паведамлялі, што бачылі недалёка ад мяжы з Украінай мабільныя крэматорыі ІН-50, якія створаныя для «утылізацыі арганічных адкідаў жывёльнага і расліннага паходжання».



Фота з сайта кампаніі-вытворцы.

Пазней «прэзідэнт ДНР» Аляксандр Захарчанка ў пачатку 2015 года заявіў, што мабільныя крэматорыі выкарыстоўваюць украінскія войскі. У адказ Служба бяспекі Украіны паведаміла, што «З 20 па 23 студзеня па загадзе Генеральнага штаба УС РФ на часова падкантрольную тэрарыстычным групоўкам тэрыторыю было ўведзена сем мабільных крэматорыяў, змантаваных на шасі аўтамабіляў КАМАЗ».

У траўні 2015 года ўжо агенцтва “Bloomberg” апублікавала артыкул «Расея выкарыстоўвае мабільныя крэматорыі, каб схаваць загінулых у Украіне». Пра гэта са спасылкай на амерыканскія і ўкраінскія крыніцы заявіў старшыня Камітэту па Узброеных сілах у Кангрэсе ЗША Мак Торнберы.

«Яны (Расея) намагаюцца схаваць свой удзел (у вайне) не толькі ад свету, але і ад расейскага народу», – заявіў кангрэсмен-рэспубліканец.

Пра тое ж заявіў кангрэсмен-дэмакрат і былы афіцэр Марской пяхоты Сет Моўлтан, які разам з Торнберы быў ва Украіне.



Расійская самаходная гармата ў Украіне. Фота AFP.

«Расія кажа, што ў іх няма войск у Украіне. Вось як яны захоўваюць гэтую хлусню ў Расеі: мабільны крэматорый для спальвання сваіх мёртвых жаўнераў», – напісаў кангрэсмен у Тўітэры.

«Мы ведаем гэта ад розных крыніц, іх дастаткова, каб я быў упэўнены ў дакладнасці гэтай інфармацыі», – казаў Моўлтан, адзначаючы, што спасылаецца не толькі на дадзеныя ад уладаў Украіны.

Пры тым, што цяжка паверыць у падобнае абыходжанне з уласнымі забітымі вайскоўцамі ці нават наймітамі, заўвага «Стралкова» цяпер ужо пра сірыйскія выпадкі таемных крэмацыяў надаюць больш вагі і папярэднім паведамленням.

«Што сказаць? Такога цынізму, магчыма, у нашай краіне яшчэ не было ніколі», – піша экс-камандзір баевікоў, у ідэалізм якога, нават пры ўсёй спецыфічнасці расейскага шавіністычнага ідэалізму, таксама слаба верыцца.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў