Экс-міністр абароны Расеі жаніўся на асуджанай за махінацыі з актывамі Мінабароны


Былы міністр абароны Расеі Анатоль Сердзюкоў заключыў шлюб з былой высокапастаўленай супрацоўніцай таго ж ведамства, якая была асуджаная за шматмільярдныя махінацыі.

Васільева не толькі крала, але і малявала. Напрыклад, яе пяру належыць партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

Сам Сердзюкоў пакінуў сваё месца з-за карупцыйнага скандалу, аднак дагэтуль займае высокія пасады.

Рамантыка і грошы

Жонкай Сердзюкова стала Яўгенія Васільева – былая ягоная падначаленая, якая кіравала дэпартаментам маёмасных адносінаў Мінабароны Расеі, піша BBC. Яе імя стала шырока вядомым пасля таго, як у 2012 годзе была заведзеная так званая справа «Абаронсервісу».

Анатоль Сердзюкоў. Фота Сергей Гунееў/РИА «Новости»

«Абаронсервіс» – кампанія, якая павінна была аб’яднаць няпрофільныя актывы на балансе расейскай арміі. Паведамлялася, што Васільева па заніжаных коштах прадавала праз гэтую кампанію дзяржаўную маёмасць.

Адначасова прэса паведамляла, што Сердзюкоў і Васільева знаходзіліся ў рамантычных адносінах. Быццам бы, калі да Васільевай прышлі з вобшукам следчыя, у кватэры аказаўся міністр абароны.

Нахабства і мастацтва

Васільева адрознівалася жаданнем заставацца пад увагай прэсы падчас следства і суду. Хоць у яе кватэры, якая знаходзілася ў самым прэстыжным раёне Масквы, знайшлі кілаграмы ювелірных вырабаў, прадметы антыкварыяту і мільёны рублёў наяўнымі, яна вяла твітэр, праводзіла персанальныя мастацкія выставы, выпусціла зборнік вершаў.

«Добрай раніцы, сябры! Я паехала ў суд!» Фота з твітэр-акаўнта Яўгеніі Васільевай

Акрамя таго яна пачала спяваць і запісала некалькі песняў, на адну з якіх выйшаў кліп. Канешне, рабіць гэта ўсё яна магла, бо не патрапіла ў следчы ізалятар часовага ўтрымання – яе толькі змясцілі пад хатні арышт.

Васільева не толькі крала, але і малявала. Напрыклад, яе пяру належыць партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

Прычым адвакаты арыштаванай дамагаліся адмены і хатняга арышту, заяўляючы, што падсудная можа памерці з голаду, калі не зможа хадзіць па крамах. Таксама Васільева прасіла дазволіць ёй хадзіць у царкву два разы на тыдзень на тры гадзіны, «каб атрымаць суцяшэнне і дапамогу ў цяжкай жыццёвай сітуацыі».

Загадкавы Янус

Асоба Сердзюкова дагэтуль выклікае палярныя ацэнкі ў Расеі сярод вайскоўцаў і экспертаў. З аднаго боку яму закідаюць закрыццё вайсковых вышэйшых навучальных устаноў, скарачэнне колькасці афіцэраў, якія праходзяць падрыхтоўку, звальненне многіх старэйшых афіцэраў, ліквідацыю сістэмы ваеннай медыцыны і, канешне, карупцыю.

З іншага боку, яго хваляць за рашучыя рэформы, за тое, што жаўнеры атрымалі больш магчымасцяў вучыцца ваяваць, бо кантракты на гаспадарчае абслугоўванне арміі былі аддадзеныя камерцыйным установам. Армія РФ атрымала больш сучасны рыштунак, тэхніку, у большай ступені стала складацца з прафесіяналаў, павялічылася доля падраздзяленняў пастаяннай гатоўнасці.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў у ўкраінскім Крыме, 28 лютага 2014 года. Фота wikipedia.org

З імям Сердзюкова часам звязваюць эфектыўнасць расейскіх войск падчас вайны ў Грузіі і акупацыі Крыму.

Свае людзі

Вобшукі ў Васільевай адбыліся ў кастрычніку 2012 года. Менавіта тады ў яе знайшлі 60 тысяч дыяментаў агульнай вагай 19 кілаграм. Праз год яе, падсудную, якая знаходзіцца пад арыштам, сфатаграфавалі ў дарагіх буціках. У пачатку лістапада таго ж года страціў пасаду міністра Сердзюкоў.

Кліп Яўгеніі Васільевай, які быў зроблены падчас следства.

У 2015 годзе Васільева нарэшце была асуджаная на пяць год калоніі – па дадзеных следства, яна нанесла расейскай дзяржаве шкоду больш чым на 3 мільярды рублёў. Аднак у калоніі яна правяла толькі 34 дні – бо патрапіла пад ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Супраць самага Сердзюкова распачалі тады крымінальную справу за халатнасць. Сам ён ад прадстаўлення паказанняў адмаўляўся, і вельмі хутка як «абаронца айчыны» падпаў пад амністыю «да 20 год Канстытуцыі». Да таго ж суд у выніку вырашыў, што Васільева, карыстаючыся асабістым даверам Сердзюкова, падманула яго і вымусіла прадаваць актывы міністэрства па заніжаных коштах.

У 2015 годзе Сердзюкоў атрымаў высокую пасаду ў дзяржаўнай карпарацыі «Ростех», а потым кіроўнай пасады ў шэрагу іншых расейскіх дзяржаўных кампаніяў.

Васільева зараз даволі часта перапошчвае ў сваім Twitter паведамленні расейскага апазіцыянера і барацьбіта з карупцыяй Аляксея Навальнага, партрэт каторага таксама намалявала.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары