Экс-кіраўнік штаба Доналда Трампа здаўся ФБР, яго вінавацяць у змове супраць ЗША


ФБР прад’явіла былому кіраўніку выбарчага штаба прэзідэнта Доналда Трампа Полу Манафорта абвінавачванні па 12 эпізодах, у тым ліку ў змове супраць уладаў ЗША.

Сярод іншых эпізодаў абвінавачванні – адмыванне грошай, ілжывыя заявы і сем выпадкаў змаўчанне аб рахунках у замежных банках.

Раней амерыканскія СМІ паведамлялі, што Манафорта гатовы даць паказанні федэральным уладам разам са сваім былым партнёрам па бізнесе Рыкам Гейтсам па справе аб меркаваным умяшанні Расеі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША.

Пол Манафорта ўжо здаўся ўладам. Па тэлебачанні ЗША паказалі кадры, на якіх ён заходзіць у будынак ФБР у Вашынгтоне.

ФБР вядзе адразу некалькі расследаванняў аб магчымым умяшанні Расеі ў леташнія выбары прэзідэнта ЗША.

68-гадоваму Полу Манафорта давялося пакінуць каманду Трампа за некалькі месяцаў да лістападаўскіх выбараў. Нагодай для яго сыходу з штаба сталі паведамленні амерыканскіх СМІ пра яго сувязь з прарасейскай Партыяй рэгіёнаў на Украіне.

 

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі. Фота – Reuters

Стужка навінаў