Экс-кіраўнік ЛНР Ігар Платніцкі і яго паплечнікі арыштаваныя, – СМІ


Былога кіраўніка ЛНР Ігара Платніцкага і ягоных паплечнікаў перадалі пад канвоем у Расею, дзе іх утрымліваюць пад вартаю – іх абвінавачваюць у супрацы з СБУ і намеры здаць Луганск украінскаму войску.

Як паведамляе «Росбалт» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў так званым Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі ДНР, 23 лістапада 2017 года Ігара Платніцкага, кіраўніка яго «адміністрацыі» Ірыну Тэйцман, начальніка аховы Яўгена Селіверстава і кіраўніка «Дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі ЛНР» Анастасію Шуркаеву пад канвоем даставілі на КПП «Ізварын». Там іх перадалі ФСБ Расеі, цяпер яны знаходзяцца пад вартаю. Акрамя супрацы з украінскімі спецслужбамі Платніцкі і яго паплечнікам прад’яўлены і іншыя абвінавачанні – у растраце бюджэтных сродкаў і перавышэнні ўлады. Начальніка аховы экс-кіраўніка «ЛНР» Яўгена Селіверстава абвінавачваюць у заказных забойствах і абстрэле з мінамётаў Луганску пад выглядам украінскіх вайскоўцаў.

«Уся гэтая гоп-кампанія стварала поўнае беззаконне, яе цярпелі да апошняга, але прыйшоў час, калі апошняя кропля пераважыла», – распавяла агенцтву крыніца ў спецслужбах «ДНР».

Нагадаем, 24 лістапада лідар ЛНР Ігар Платніцкі заявіў аб адстаўцы па «стане здароўя». Яго месца заняў кіраўнік МДБ ЛНР Леанід Пасечнік.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў