Экс-фігуранту справы «Белага легіёна» Андрэю Бяляўскаму далі год «хатняй хіміі»


Суд Ленінскага раёна Менску вынес прысуд былому фігуранту справы «Белага легіёна» дызайнеру Андрэю Бяляўскаму. За захоўванне патрона яго прысудзілі да 1 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Крымінальную справу за незаконнае захоўванне боепрыпаса на Бяляўскага завялі літаральна адразу ж, як Следчы камітэт паставіў кропку ў разглядзе справы «Белага легіёну» (па артыкуле пра ўзброенае фармаванне).

Патрон у Бяляўскага знайшлі супрацоўнікі КДБ падчас ператрусу 24 сакавіка 2017 года. Сам абвінавачаны пры вобшуку не прысутнічаў – у той час ён знаходзіўся ў СІЗА. Эксперты прызналі патрон баявым. Бяляўскі расказаў, што знайшоў яго. У пачатку лета 2013 года абвінавачваны набыў у прыватнай асобы аўтамабіль Jeep Grand Cherokee ў горадзе Рэчыцы. У каго – не памятае. Потым прыехаў у Менск і праз нейкі час выявіў у аўтамабілі пад заднім сядзеннем, дзе захоўваўся дамкрат, патрон. Бяляўскі аднёс яго дадому, паклаў у скрыню і забыўся пра яго.

У судзе Бяляўскі віну цалкам прызнаў.

Пракурор прасіў для абвінавачанага 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, адвакат – абмежавацца штрафам.

Былога фігуранта справы «Белага легіёну» Андрэя Бяляўскага вінавацяць у захоўванні патрона

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў