Экс-актывіст БРСМ прысуджаны да 6 гадоў калоніі за махлярства. На судзе ён згадваў словы Лукашэнкі


Суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў былога актывіста БРСМ Арцёма Масейчука да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй і штрафам у 61 250 рублёў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і махлярства.

Па версіі абвінавачвання, Масейчук у 2015-2016 гадах з’яўляўся кіраўніком беларускага філіялу кампаніі Kairos Technologies, якая займалася «нелегальным прыцягненнем грашовых сродкаў насельніцтва» і дэ-факта зʼяўлялася фінансавай пірамідай.

«Грамадзяне падавалі частку жорсткага дыска ў арэнду і аплачвалі ўступны ўзнос – ад 125 да 2777 долараў ЗША. Пасля гэтага ўкладчыкі атрымлівалі штомесячны даход у памеры 20 працэнтаў ад унесенай сумы нібыта за захоўванне зашыфраванай інфармацыі буйных карпаратыўных кліентаў. Пры гэтым выплаты ажыццяўляліся за кошт новых «інвестараў» кампаніі», –заяўлялі ў Следчым камітэце.

Праваахоўнікі адзначаюць, што сетка структуры Масейчука налічвала 108 ўкладчыкаў, сумарны даход склаў звыш 320 000 рублёў.

На судзе 25-гадовы Арцём Масейчук сваю віну не прызнаў, піша TUT.by.

«Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўвесь час паўтарае кіраўнікам ведамстваў, што не трэба ацэньваць іх працу па колькасці пасаджаных камерсантаў і прадпрымальнікаў, – казаў Масейчук у апошнім слове. – Быў выдадзены дэкрэт № 7 аб развіцці прадпрымальніцтва. Але некаторыя супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў і СК сабатуюць выкананне дадзенага дакументу і працягваюць саджаць у турму вінаватых і невінаватых прадпрымальнікаў. Падчас знаходжання пад вартай у СІЗА я паслядоўна даводзіў сваю невінаватасць. Але мяне адмаўляліся слухаць і працягвалі ціснуць, каб я абгаварыў сябе».

Адвакаты заяўлялі на судзе, што абвінавачванне інкрымінавала Масейчуку атрыманне грашовых сумаў, да якіх ён не мае ніякага дачынення.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў