Эканоміка па-беларуску: працуеш лепш – зарабляеш менш


Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў, што за студзень–ліпень прадуктыўнасць працы, у сярэднім па Беларусі, зменшылася менш як на 1 %. Але рэальныя заробкі, то бок з улікам інфляцыі, упалі ў чатыры разы больш за прадуктыўнасць.

Аднак для розных рэгіёнаў Беларусі справядлівасць розная. Найвялікшае пагаршэнне прадуктыўнасці назіралі ў Менскай вобласці – на 6 %. Але заробак упаў менш – на няпоўныя 4 %. На другім месцы ў падзенні эфектыўнасці – горад Менск. Але там рэальны заробак практычна не зменшыўся, прынамсі, паводле афіцыйнай статыстыкі.

Прадуктыўнасць расце, заробкі падаюць

Тое, што ў рэгіёнах – адваротная тэндэнцыя, пацвярджае і афіцыйная статыстыка. У Магілёўскай вобласці прадуктыўнасць працы сёлета – такая ж, як і летась. А рэальныя заробкі абрынуліся на 6.5 %. Хаця намінальна – у рублёвым эквіваленце нібыта выраслі.

«Мае заробкі не падраслі, засталіся ранейшымі»

«Кошты растуць, а заробкі на ранейшым узроўні»

«На штодзённыя выдаткі і ўсё – ня больш. А так заробкі знізіліся»

«На асабістыя патрэбы таксама хапае, апрача ежы»,

– падзяліліся з «Белсатам» жыхары Магілёву.

Заробкі будуць падаць

З афіцыйнай статыстыкі вынікае, што ўлады забіраюць грошы ад больш эфектыўных рэгіёнаў і пераразмяркоўваюць іх у менш эфектыўны Менск. Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў мяркуе, што гэтаму ёсць палітычныя прычыны.

«Задобрываюць найбольш небяспечных, паказваюць фасад», – упэўнены спадар Аляксандр Ярашук.

Але і ў цэлым па Беларусі заробкі падаюць больш як прадуктыўнасць працы. На думку незалежных прафсаюзаў, грошы, заробленыя людзьмі, асядаюць у бюракратычных структурах, якія займаюцца іх пераразмеркаваннем з больш эфектыўных галінаў у менш эфектыўныя. Паводле старшыні Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, пакуль улады будуць трымацца за гэтую сістэму, заробкі будуць і надалей падаць, незалежна ад таго, наколькі будуць паляпшаць якасць сваёй працы звычайныя работнікі.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Стужка навінаў