Эканамісты: абяцанні па заробках – нерэальныя


Сярэдні заробак 500 долараў будзе дасягнуты ўжо сёлета ў снежні. З такім абяцаннем выступіў першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты. Але на гэтым, паводле ўрадоўца, паляпшэнне дабрабыту беларусаў не спыніцца. Заробкі пачнуць, урэшце расці хутчэй за кошты, павялічацца інвестыцыі ў эканоміку. І ўсё гэта – без новых крэдытаў.

Сёлета эканоміка спыніла сваё падзенне, а налета ўрад плануе якасны рывок да перадкрызіснага ўзроўню. Калі ў гэтым годзе валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырасце, як чакаецца, крыху больш, чым на адзін адсотак, то з наступнага года – ужо на тры з лішнім адсоткі.

І гэта нават пры тым, што кошт нафты меркавана зноў будзе падаць. Паводле аптымістычнага прагнозу ўраду, у 2018-м ён упадзе з сёлетніх 52 долараў за барэль, да 46-ці.

«Калі АПЕК удасца падоўжыць сваё пагадненне па замарожванні здабычы нафты, то можа быць удасца падняць крыху нафту, але тут жа арэлі гайдануцца на карысць сланбцавай нафтаздабычы і кошты тут жа вернуцца назад», – распавядае Леанід Фрыдкін, шэф-рэдактар «Экономической газета».

Асноўныя надзеі Міністэрства эканомікі ўскладае на расейскі рынак.

«Калі казаць пра экспарт, то налета мы зможам атрымаць дадаткова да двух мільярдаў валютнай выручкі, тым больш, што расейскі рынак вырасце недзе з тэмпам 1,7% у наступным годзе», – кажа Дзмітрый Круты, першы намеснік міністра эканомікі.

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у размове з «Белсатам» выказаў здзіўленне такімі надзеямі. На ягоную думку, вынікам падзення коштаў на нафту будзе стагнацыя або рэцэсія расейскай эканомікі, а значыць – і беларускага экспарту.

«Разлічваць на тое, што ў нас рэзка вырастуць заробкі ці будуць ажыццяўляцца нейкія прарыўныя праекты, не прыходзіцца», – распавядае Леанід Фрыдкін, шэф-рэдактар «Экономической газета».

Абапіраючыся на аптымістычны прагноз датычна экспарту, улады абяцаюць захаваць золатавалютныя рэзервы краіны, то бок падушку бяспекі для нацыянальнай валюты, на існым узроўні, не робячы пры гэтым новых пазык.

«Вось, за кошт працы эканомікі плануем абслугоўваць тыя замежныя плацяжы, якія нас чакаюць, у абʼёме больш за тры мільярды долараў», – кажа Дзмітрый Круты, першы намеснік міністра эканомікі.

Што праўда, такое абяцанне гучала і два гады таму.

З таго часу дзяржаўны доўг нашай краіны вырас ад 40 адсоткаў ВУП да 50-ці, таму адмыслоўцы ставяцца скептычна і да гэтага абяцання. Як і ў справе росту заробкаў. Апытаныя намі адмыслоўцы сыходзяцца на тым, што без рэформаў эканомікі істотнага росту прадуктыўнасці працы чакаць няма адкуль. А значыць, дасягнуць планаванага павелічэння на 3,5 %, з улікам інфляцыі, налета можна толькі двума спосабамі: за кошт павелічэння беспрацоўя або разагнаўшы інфляцыйныя ды дэвальвацыйныя працэсы.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў