Што гэта было? Эканамісты тлумачаць небяспеку «нефармальнай дэвальвацыі»


Эканаміст Зміцер Крук тлумачыць, чаму 30 %-вы падатак на набыццё валюты – неэфектыўная мера.

Нацбанк Беларусі спадзяецца, што расейскі рубель узмацніцца ў стасунку да долара, і тады можна будзе адмяніць часовы падатак на набыццё валюты. Але на пытанне, ці сапраўды сітуацыя палепшыцца, эканаміст даследчага цэнтру ІПМ Зміцер Крук выказвае сумнеў.

«На мой погляд, фактычная змена ці рэжыму абменнага курса, ці пераход да паўнавартаснага курса альбо дэвальвацыя нават у такіх жа памерах у 30 % былі б больш слушнымі. Бо цяперашняя мера нейкая палавінчатая, яна не вырашае прынцыпова сітуацыі, але ж уносіць няўпэўненасць, нявызначанасць. Таму яна не будзе эфектыўнай», – распавёў эканаміст у каментары Belsat.eu.

Таксама Зміцер Крук сумняецца і ў здольнасці Нацбанку задаволіць патрэбы банкаў у валюце нават з 30 %-ай камісіяй.

Сяргей Балыкін з Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва:

“Разрыў 30 % паміж курсам продажу і курсам куплі – гэта вельмі вялікая розніца. Яна не выгадная ні прадаўцам гэтай валюты, ні пакупнікам. Так што мы не ўбачым валюты ў абменніках, гэта амаль стоадсоткавая гарантыя. Хутчэй за ўсё на вуліцы зноў выйдуць валютчыкі”.

Цяпер фактычны кошт долара – 14 150 рублёў(АЛЬФА), а еўра – 17 тысячаў чатырыста. Апрача таго, з сёння кошт рублёў для камерцыйных банкаў, якія бяруць пазыкі ў Нацбанку, вырасце напалову. Прадаць палову валютнай выручкі дзяржаве абавяжуць і айчынных экспарцёраў.

Сяргей Чалы, фінансавы аналітык:

“Гэта самае страшнае, што ёсць у гэтым рашэнні. Гэта азначае, што мы вяртаемся ў сакавік 2011 года, што кампаніі, якія з’яўляюцца экспарцёрамі, якія маюць валютную выручку, для іх продаж гэтай долі – факт канфіскацыйнай аперацыі. Вы вымушаныя прадаваць на 30 % ніжэй курса, які сам Нацбанк лічыць рынкавым”.

Таму беларускія камерцыйныя кампаніі будуць рабіць усё для таго, каб не вяртаць у краіну сваёй валютнай выручкі, мяркуе эксперт.

МЛ, ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў