Эканаміст: Калі б падвышалі пенсійны ўзрост 10 гадоў таму, было б не так балюча

video

Барыс Жаліба тлумачыць, чаму ўлады «не ў той час» узяліся за падвышэнне пенсійнага ўзросту.

https://www.youtube.com/watch?v=wo5UMsnb8oU

Яшчэ ў мінулым годзе беларусаў запэўнівалі, што пенсійны ўзрост не будзе падвышацца. А цяпер кіраўнік дзяржавы заяўляе, што беларускі мужчына ў свае 60 гадоў можа пахаць як конь. У 2017 годзе пенсійны ўзрост могуць падвысіць. Пра магчымыя змены ў пенсійным заканадаўстве размаўляем з эканамістам Барысам Жалібам.

«Белсат»: Чаму менавіта цяпер узнікла неабходнасць уносіць змены ў пенсійнае заканадаўства і ці гатовыя беларусы да такіх рэформаў?

Барыс Жаліба: Галоўнай прычынай я лічу эканамічны нашай дзяржавы, ён кепскі. Нашая эканоміка ў глыбокім крызісе, ёсць праблемы з даходнай часткай рэспубліканскага бюджэту і ёсць праблемы з напаўненнем Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Таму ўладам трэба шукаць нейкае выйсце, яны бачаць гэтае выйсце ў тым, што пенсійны ўзрост можна зрабіць не ў 55 гадоў (для жанчын) і 60 гадоў (для мужчынаў), а на 2-5 гадоў пазней.

«Белсат»: Наколькі эканамічна абгрунтаваныя магчымыя змены ў пенсійнае заканадаўства?

Барыс Жаліба: Гэтыя змены наспявалі ўжо даўно. Былі прапановы гадоў 10 таму, калі нашая эканоміка была ў лепшым стане, калі была лепшай падтрымка з боку Расеі. Гэтыя прапановы былі такога зместу, што трэба падвышаць пенсійны ўзрост, таму што былі вышэй заробкі, і думаю, была лепшай даходная частка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Трэба ўсё рабіць своечасова, таму што, калі мы б гэта зрабілі раней, то гэта было б не так балюча, як сёння. Я лічу, што адначасова трэба не толькі ўдасканальваць існуючую, як мы кажам, салідарную сістэму напаўнення ФСНН, а трэба адначасова пераходзіць на сістэму назапашвання. Гэта трэба было рабіць гадоў 10, а тое і 15 таму.

«Белсат»: Цяпер двое працоўных утрымліваюць амаль двух пенсіянераў. Да 2050 года паводле прагнозаў ААН, каэфіцэнт пенсійнай нагрузкі ў Беларусі дасягне 76 %. А гэта значыць, што чацвёра працуючых беларусаў будуць забяспечваць трох пенсіянераў. Ці варта змяняць размеркавальную сістэму назапашвання?

Барыс Жаліба: Пакуль не чуваць пра гэта, гэта мерапрыемства даволі сурёзнае, трэба правесці падрыхтоўку. Але ўлады лічаць, што гэта неабавязкова, і зводзяць гэта «спрошчана», каб аблегчыць лёс ФСАН, проста адсоўваючы выхад на пенсію чалавека. Канешне, гэта нават не паўмера, гэта проста тэхнічнае мерапрыемства.

«Белсат»: Цяпер у краіне такая сітуацыя, што маладым цяжка знайсці працу, бо яе папросту няма. А пенсіянеры займаюць працоўныя месцы. Ці не лагічней было б даваць месца маладым, а не ўтрымліваць пенсіянераў на працы?

Барыс Жаліба: Маеце рацыю. Калі б гэта рабілася, як я казаў, 10 гадоў таму, калі ствараліся новыя месцы, то працы хапіла б усім. І пенсіянерам, і яны б былі задаволеныя, што яшчэ могуць пару гадоў папрацаваць, бо ўзровень нашых пенсіяў жабрацкі. І маладым бы хапіла працоўных месцаў. А што мы бачым сёння: людзі не могуць знайсці працы, асабліва падчас крызісных з’яваў у эканоміцы, скарачэнняў на прадпрыемствах і гэтак далей. Не ў той час гэта (падвышэнне пенсійнага ўзросту) робіцца, а трэба было гэта рабіць раней.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары