Эканамічныя паказнікі Беларусі выраслі ўпершыню з 2014 года – чаму?


Летась валавы ўнутраны прадукт беларускай эканомікі вырас на 2,4 %, і гэта першы станоўчы вынік з 2014 года. Ці азначае гэта выйсце з двухгадовага крызісу, і чаму ўлады гэтак хваляцца ростам золатавалютных рэзерваў у лютым?

Адначасова перамовы аб крэдыце Міжнароднага валютнага фонду для Беларусі падвешаныя – у чым праблема?

Інтэрв’ю з Камілем Клысіньскім, аналітыкам Цэнтру ўсходніх даследаванняў з Варшавы, адным з галоўных адмыслоўцаў у справе Беларусі, а таксама аўтарам апошняга вялікага даследавання аб эканоміцы Беларусі летась.

«Белсат»: На ўсіх галоўных старонках інфармацыйных выданняў улады паказваюць, што ў нас расце золатавалютны рэзерв. Што да гэтага прывяло?

Каміль Клысіньскі: Ён расце і падае – усё вельмі хутка мяняецца. Напрыканцы года быў даволі высокі ўзровень золатавалютнага рэзерву – больш за $ 7 млрд. Потым назіралася падзенне на $ 800 млн. Цягам аднаго месяца, студзеня. Гэта было звязана з выплатай даўгоў па еўрабондах. У лютым быў чарговы рост у сувязі з чарговымі еўрабондамі. Гэта ўсё вельмі нестабільна, і, вядома, я разумею, што ўлады любяць пахваліцца золатам, валютай, тым, што расце. Гэта важны аргумент для інвестараў і для грамадства ў такім інфармацыйным разуменні, што ўсё стабільна з эканомікай, калі ў нас добрыя рэзервы.

А рэальна што гэта азначае?

Рэальна – усё не так вясёлкава, бо ўлады адмовіліся ад крэдыту МВФ, які, калі б да яго дайшло, каштаваў бы нашмат танней за еўрабонды, на якія цяпер абапіраюцца валютныя рэзервы. Я не кажу пра золата – гэта іншае. Валютная частка рэзерваў цяпер утрымліваецца пераважна на дзвюх апорах – па-першае, гэта еўрабонды, якія даражэйшыя на 5–6 % гадавых, чым крэдыт МВФ.

Другая апора – гэта пазыкі ад Расеі ды Еўразійскай фонду стабілізацыі ды развіцця. Вядома, гэтая пазыка – дзяржаўная, палітычная, у кантэксце дачыненняў паміж Беларуссю і Расеяй.

Яна таннейшая за еўрабонды, але ўсё-ткі небяспечная тым, што яшчэ мацней прывязвае Беларусь да Расеі.

Каміль Клысіньскі

На колькі адсоткаў цяпер Расея датуе беларускую эканоміку? Ці можна палічыць усё разам – усе крэдыты, а таксама танную нафту, якую мы набываем і перарабляем, а потым перапрадаем даражэй?

Усё залежыць ад таго, як хто лічыць.

Расейцы палічылі, што за мінулыя дзесяць гадоў яны датавалі Беларусь на $ 100 млрд, гэта значыць прыкладна $ 10 млрд на год. Вядома, гэтыя субсідыі скарачаюцца.

Гэта звязана, напрыклад, з падатковым манеўрам у нафтавым сектары, што азначае рост коштаў для Беларусі і падзенне прыбытку ад таго, што Беларусь выйграе ў розніцы паміж коштам нафты для беларускіх атрымальнікаў ды іншых імпарцёраў расейскай нафты. Усё гэта мяняецца, але не ў добры бок для Беларусі: субсідыі скарачаюцца. Я лічу, што цяпер гэта значна менш за $ 10 млрд на год.

Тым не менш, цягам апошняга года, паводле вашай справаздачы, у нас назіраецца даволі тэндэнцыя росту ў беларускай гаспадарцы. Ёсць выразнае паляпшэнне – мы выйшлі ў плюс з ВУП. Хто аўтар гэтага эканамічнага поспеху? Ці сапраўды ўрад нешта зрабіў, каб у нас палепшылася сітуацыя ў эканоміцы?

Як я сцвярджаю ў справаздачы – і, спадзяюся, слушна – унёсак ураду ў гэтае пытанне насамрэч невялікі. Гэта збольшага вынік добрай кан’юнктуры на сусветных рынках нафты, якая вельмі важная для беларускай эканомікі ў сувязі з перапрацоўваннем нафты ў двух НПЗ – у Мазыры і Наваполацку.

Таксама добрая кан’юнктура на сусветным рынку калійных, азотных угнаенняў – гэта вынік не вялікага, але ўсё-такі росту на расейскім рынку, які вельмі істотны для беларускай гаспадаркі ў якасці экспартнага рынку. Усе гэтыя фактары паўплывалі мацней, чым праца ўраду.

Што да ўраду…

Тут хіба можна звярнуцца да IT-cектару…

Пра гэта я яшчэ распавяду, гэта вельмі важная рэч. Я хацеў падкрэсліць, што на фоне пасіўнага і няўдалага ўраду ў галіне эканомікі, які дагэтуль працуе паводле савецкіх традыцыяў, вылучаецца Нацбанк, які ёсць даволі актыўнай структурай і прагрэсіўнай з гледзішча ўспрыняцця эканомікі. Несумненна, іх заслугай ёсць вельмі нізкая інфляцыя летась, якая склала менш за 5 %. Гэта менш за ўрадавы прагноз, што стала сюрпрызам і для Нацбанку, і для ўсяго ўраду.

Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры

То бок, у прынцыпе можна зрабіць выснову, што эканоміка Беларусі развіваецца на розных хуткасцях, нават у розных кірунках? Як гэта можна патлумачыць? У чым парадокс беларускай эканомікі?

Самае галоўнае, што цяпер адбываецца ў беларускай эканоміцы – гэта сапраўды, разыходжанне ў вектарах, сферах. Груба кажучы, гэта было вельмі добра відаць летась і сёлета, цяпер будуюцца дзве паралельныя, асобныя эканомікі ў адной дзяржаве.

Як гэта магчыма, куды гэта нас прывядзе?

На жаль ці на шчасце – можа, цяпер і не час гэта ацэньваць з маральнага або якаснага гледзішча – але якраз гэта і адбываецца. З аднаго боку, улады кансервуюць (прычым больш, чым, як мне падаецца, трэба) ранейшую мадэль.

Напрыклад, перамовы з МВФ – гэта добры паказальнік, што беларуская дзяржава не здольная пайсці на рэформы, напрыклад, на рэфармаванне дзяржсектару, прыватызацыю – у гэтым пытанні ўсё замарожана ці амаль усё.

Можа, нагадаем, што там адбылося? Перамовы шлі, пра іх вельмі шмат казалі ў медыях, але ў выніку яны ні да чаго не прывялі, бо Беларусь не мадэрнізуе гэтак, як мусіць, гэты сектар эканомікі.

Перамовы аб крэдытах падвешаныя, і ніхто гэтага не хавае – як прадстаўнікі МВФ, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Менску. А галоўнай прычынай ёсць нежаданне ўладаў Беларусі пайсці на рэформы дзяржсектару, які – самая вялікая частка беларускай эканомікі, а таксама найбольшая частка рынку працы. Гэта мае свой палітычны кантэкст, свае палітычныя матывацыі. З гледзішча Аляксандра Лукашэнкі і ўладаў Беларусі гэта занадта небяспечна.

Чаго нам чакаць у 2018 годзе? Ці будуць беларусы жыць лепш, ці атрымаюць 500-доларавыя заробкі? Ці адаб’юцца і на нашай гаспадарцы санкцыі, якія Захад накладае на Расею?

Гэта залежыць ад таго, у якой сферы беларусы будуць працаваць. Я яшчэ не сказаў пра іншую эканоміку – сучасную.

Летась гэта было вельмі заўважна – што ўлады ў некаторых сектарах гатовыя пайсці на вельмі жорсткія, беспрэцэдэнтныя рэформы, асабліва ў сектарах, якія толькі ствараюцца і не сталі яшчэ такой істотнай часткай эканомікі ды рынку працы, як, напрыклад, дзяржсектар. Я маю на ўвазе найперш IT-сектар. ITшнікі вядомыя ўсім беларусам сваймі заробкамі.

І ўсіх беларусаў моцна раздражняюць – кожны б хацеў атрымліваць столькі ж.

Магчыма, так, але трэба падкрэсліць, што тут усё вельмі дэмакратычна: кожны можа стаць IТшнікам. Гэта залежыць ад здольнасцяў.

Інтэрвʼю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык.

Фотаздымкі Віктар Драчоў/ Forum

Стужка навінаў