ЕГУ атрымаў новы корпус – будынак Аўгустынскага кляштара ў Вільні


31 кастрычніка Урад Літоўскай Рэспублікі прыняў афіцыйнае рашэнне аб перадачы Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту будынку былога Аўгустынскага кляштара.

Пра гэта паведамляецца на сайце ЕГУ.

Будучы корпус універсітэту месціцца ў старым горадзе Вільні, што знаходзіцца ў спісе аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Першым мерапрыемствам, якое адбудзецца ўжо 17 лістапада ў новым навучальным корпусе, будзе ўрачыстая цырымонія, прысвечаная 25-годдзю ЕГУ.

Былы кляштар Аўгустынскага ордэну быў збудаваны ў канцы XVIII стагоддзя на скрыжаванні вуліц Савічаўс і Бокшта, у 200 метрах ад віленскай Ратушы. Пабудову плошчай больш за 2700 кв. м. вылучаюць арыгінальныя элементы інтэр’еру, у тым ліку фрэскі і брукаваная падлога, якія захаваліся падчас пяцігадовай рэстаўрацыі.

«Супольнасць ЕГУ бязмежна радая рашэнню літоўскага ўраду. Новы корпус ЕГУ забяспечыць выдатную атмасферу для навучання, навуковых даследаванняў і іншай універсітэцкай дзейнасці да таго часу, пакуль мы знаходзімся ў Вільні. Гэта важны крок у развіцці ўніверсітэту і супрацоўніцтве з краінай, якая нас прыняла», – адзначыў выконваючы абавязкі Рэктара ЕГУ Ёрген Ёргенсэн.

Некалькі стагоддзяў таму ў будынку Аўгустынскага кляштара месцілася семінарыя і сярэдняя школа. У 1808 годзе будынак стаў часткай духоўнай семінарыі Віленскага ўніверсітэту. У 1832 годзе расейскія ўлады скасавалі Віленскі ўніверсітэт, і да 1842 года будынак выкарыстоўваўся ў якасці корпуса Віленскай духоўнай акадэміі. Выбітны архітэктар эпохі рамантызму Томаш Цішэцкі падрыхтаваў праект пераўтварэння кляштара ў праваслаўную школу. Гэты праект быў рэалізаваны ў 1859 годзе. Пасля Першай сусветнай вайны памяшканні былога кляштара былі зноў перададзеныя Каталіцкай царкве і пераабсталяваныя ў інтэрнаты Віленскага ўніверсітэту (пазней названага імём Стэфана Баторыя). Падчас савецкай акупацыі комплекс Аўгустынскага кляштара збольшага быў закінуты, яго частка выкарыстоўвалася ў якасці камунальнага жытла.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў