Эфект «Uber»: Таксі ў Менску можа патаннець


Прыход онлайн-сервісаў па замове таксі і павелічэнне колькасці транспартных кампаніяў могуць зрабіць паездку больш таннай, прагназуе эксперт.

Такая выснова агучваецца прадстаўніком «Альфа-Банку» (Беларусь). Яна зробленая на падставе аналізу інфармацыі ад удзельнікаў банкаўскага «Клубу кліентаў», што спецыялізуецца на аказанні транспартных паслугаў.

З’яўленне ў Менску онлайн-сервісаў «Uber» і «Яндекс.Такси» выклікала неадназначную рэакцыю сярод перавозчыкаў: хтосьці пабачыў у іх магчымасць пашырыць кліенцкую аўдыторыю, а хтосьці – пагрозу для свайго бізнесу.

«У любым выпадку іх прыход не застаўся незаўважаным: сярэднім і буйным гульцам на рынку даводзіцца калі і не пераглядаць свае стратэгіі, то задумвацца аб правядзенні больш гнуткай цэнавай палітыкі, укараненні IT-тэхналогіяў і павышэнне патрабаванняў да аўтаў», – адзначыў дырэктар дэпартамента масавага бізнесу «Альфа-Банк» (Беларусь) Аляксандр Бабко.

Паводле яго прагнозаў, у бліжэйшы год кошт паслугаў таксі знізіцца на 10-20 %.

Прыход онлайн-сервісаў стымулюе і безнаяўны разлік. Да канца года, паводле дадзеных «Альфа-Банку», кожная дзясятая паездка ў таксі будзе аплачвацца безнаяўным спосабам.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў