Эфект снежнага кома: армянская рэвалюцыя можа паўтарыцца ў Беларусі ды Расеі


Арменія знаходзіцца пад вельмі моцным уплывам Масквы тым не менш выглядае на тое, што народ здолее змяніць абрыдлую ўладу. Пра сакрэты рэвалюцыі і высновы для Беларусі – размова Сяргея Пелясы з Эдгарам Вардан’янам, рэдактарам аналітычнага праекту Detector.am.

Як невялікай групе апазіцыйных дэпутатаў, якія знаходзяцца ў татальнай меншасці ў парламенце Арменіі, удалося на працягу некалькіх тыдняў мабілізаваць сотні тысяч людзей на пратэсты?

Па-першае, было поўнае непрыманне рэжыму ў людзей. Было разуменне, што з гэтым трэба змагацца, што вось прыйшоў час, што гэта магчымасць для таго, каб выйсці на вуліцу і заявіць пра сябе. Пратэставаць супраць усяго гэтага. Таму што людзі зразумелі, што кіроўная партыя хоча ўсталяваць у Арменіі жорсткую аўтарытарную сістэму. У Арменіі быў мяккі аўтарытарызм.

Але апошнія дзеянні кіроўнай партыі, што былы прэзідэнт стаў прэмʼер-міністрам, усе зразумелі, што гэта пэўная аперацыя. Што Канстытуцыю памянялі менавіта для таго, каб прэзідэнт здолеў стаць прэмʼер-міністрам і практычна працягваць кіраваць краінай. Усё гэта выклікала пратэст і правільныя дзеянні Нікола Пашыньяна і ягонай каманды.

Яны пайшлі на рызыку, яны ахвяравалі сабой і сваім здароўем. Гэта натхніла людзей. Раптам высветлілася, што ў нас ёсць новае пакаленне, якое зусім па-іншаму думае. Пакаленне, якое не баіцца нічога. Не баіцца паліцыі, не баіцца сілавых пратэстаў. Яны выйшлі на вуліцы, сталі перакрываць рух.

Пратэст быў дэцэнтралізаваны. Вядома ж у пэўныя моманты людзі збіраліся, усе бачылі, што шмат якія пласты грамадства былі ахоплены. Гэта эфект снежнага кома, калі пэўныя людзі шляхам самаахвярнасці пачалі пратэставаць сродкам акцыяў грамадзянскага непадпарадкавання.

Высветлілася таксама, што ў дзяржаўных органах шмат хто незадаволены кіроўнай партыяй. І практычна сілавыя структуры перасталі падпарадкоўвацца групе, якая называецца ўладу. І перайшлі на бок апазіцыі.

Падзеі ў Арменіі мелі вялікі рэзананс сярод, перш за ўсё, саюзнікаў не да канца дэмакратычных дзяржаваў. Я маю на ўвазе Расею, Беларусь. Лукашэнка падчас свайго выступу на наступны дзень пасля адстаўкі Сержа Саргсьяна тры разы казаў пра Арменію. Некаторыя аналітыкі ў Беларусі лічаць, што ён у гэты момант адмовіўся абʼяўляць рэферэндум. Падобны рэферэндум аб змене Канстытуцыі, каб падзяліцца часткай паўнамоцтваў і застацца ва ўладзе. Як вы думаеце, Лукашэнцы і Пуціну варта баяцца армянскага сцэнара? Ці можа ён паўтарыцца ў Беларусі і Расеі ў будучыні?

Я думаю, што ў іх ёсць сурʼёзныя падставы для хвалявання. Па-першае, такія працэсы як правіла маюць эфект снежнага кома. Мы ведаем, што дэмакратызацыя вельмі часта бывае хвалямі. Арменія зʼяўляецца краінай-сябрам СНД, Арменія – чальцом Еўразійскай Эканамічнай супольнасці і, натуральна, што ў першую чаргу гэта можа закрануць менавіта краіны-чальцы гэтых арганізацыяў, суседніх дзяржаваў. Можа закрануць Іран, Турцыю, Азербайджан. Усе маюць падставу для хвалявання.

Гэта прыклад паспяховай барацьбы. Прыклад таго, як народ самаарганізуецца, пакідае ў баку розныя рознагалоссі, звяртаецца да негвалтоўных дзеянняў. І калі арганізоўваецца татальны байкот і страйк, тады ўлады павінны саступаць. І больш нічога іншага не застаецца. І мы ўбачылі, што ўлады нягледзячы на ​​ўсё і галасаванне супраць Пашыньняна заявілі, што падтрымаюць яго на наступных выбарах 8 траўня.

Яшчэ адно пытанне датычна адносін Арменіі, Расеі і Беларусі. Пашыньян нядаўна выказаў незадаволенасць тым, што Расея ўзбройвае па сутнасці ворага Арменіі, свайго саюзніка, Азербайджан. У апошнія тыдні зʼявілася інфармацыя, пакуль неафіцыйна, што Беларусь гатова паставіць ва Азербайджан ракетныя комплексы «Паланэз». Па сутнасці беларуска-кітайскія ракеты могуць пагражаць Ерэвану, саюзніку Менску. Як у Арменіі да гэтага ставяцца, гэта нармальна?

Вядома ў Арменіі адмоўна ставяцца да такіх рэчаў і гэта не нармальна. Шмат хто кажа, што гэта толькі бізнес, але на самой справе такім рэчамі не жартуюць. Гэта ўсё ж такі не бізнес-пляцоўка. Ёсць саюзніцкія абавязацельствы, ёсць абавязацельствы перад рознымі арганізацыямі. Вядома, такія пытанні трэба вырашаць.

Я лічу, што новыя ўлады Арменіі, калі нічога форс-мажорнага не адбудзецца, Пашыньян стане прэмʼер-міністрам, яны будуць размаўляць на гэтую тэму і з Крамлём, і з Менскам, і з усімі. Пазіцыя армянскіх уладаў будзе крыху мацней, таму што ўжо будзе легітымнасць. Таму што народ ужо падтрымлівае адносіны, і гэта будуць адносіны на роўных асновах.

Апошняе пытанне. Што да бліжэйшай перспектывы. У аўторак будзе чарговае галасаванне ў парламенце па кандыдатуры прэмʼера. Калі Нікола Пашыньяна выберуць ці не выберуць, якія варыянты развіцця падзей могуць быць у бліжэйшыя некалькі дзён?

Цалкам відавочна, што калі раптам рэспубліканская партыя перадумае, хоць гэта малаверагодна, то Нікол Пашыньян закліча народ да новых актаў грамадзянскага непадпарадкавання. Гэтыя акцыі могуць быць яшчэ больш мацнейшыя, чым папярэднія. У рэспубліканскай партыі няма шанцаў, таму я ўсё ж такі думаю, што яны не пойдуць на гэта. Не будуць ісці насуперак сваім заявам. Яны выберуць Пашыньяна.

Вядома тут ужо ўзнікаюць іншыя пытанні адносна, якім чынам будзе сфармавана пераходны ўрад. Хто наагул будзе ў апазіцыі, ці будзе апазіцыя ў гэтым парламенце. Гэтыя пытанні вядома трэба вырашаць, на дадзены момант няма яснасці. Не выключана, што некаторыя з рэспубліканскай партыі пакінуць сваю фракцыю, сфармуецца новая большасць і рэспубліканская партыя будзе ў меншасці.

Падобная сітуацыя была ва ўкраінскім парламенце пасля рэвалюцыі годнасці.

Інтэрвʼю выйшла ў праграме «ПраСвет»

Стужка навінаў