Эфект Пуціна: Краіны Усходняй Еўропы разбудоўваюць арміі і купляюць зброю


Упершыню за шмат год вайсковыя бюджэты ў краінах Усходняй і Паўночнай Еўропы, якія знаходзяцца недалёка ад Расеі, пачалі імкліва расці ў выніку анексіі Крыму і канфлікту на паўднёва-усходняй Украіне.

Такія дзяржавы як Польшча, Чэхія, Эстонія, Латвія, Літва, Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя адчулі непасрэдную пагрозу для сябе, назіраючы за агрэсіўнымі дзеяннямі Масквы ў Украіне, якія атрымалі назоў «гібрыдная вайна».

Нават Беларусь, найбольш важны і блізкі вайсковы хаўруснік Расеі, праводзіць вучэнні супраць агрэсіўных дзеянняў такога кшталту – каб перадухіліць пранікненне груп баевікоў на беларускую тэрыторыю, хутка ізаляваць і знішчыць іх.

ХОЧАШ МІРА – РЫХТУЙСЯ ДА ВАЙНЫ

«Для вайны патрэбныя тры рэчы – грошы, грошы і яшчэ раз грошы», – сказаў у канцы XV стагоддзя знакаміты італьянскі кандацьер і маршал Францыі Джан Джакома Трывульцыё.

Перш за ўсё рост напружанасці ў Еўропе адбіўся на абаронных бюджэтах краін, якія знаходзяцца недалёка ад Расеі.

Польшчу можна лічыць лідарам у гэтым усходнееўрапейскім руху. Краіна вырашыла адбудаваць сістэму тэрытарыяльнай абароны – спачатку планавалася гэта рабіць на базе добраахвотных фармаванняў, а потым было прынята рашэнне пераўтварыць іх у паўнавартасныя рэзервныя злучэнні рэгулярнай арміі па прыкладзе Нацыянальнай гвардыі ЗША.

Агулам плануецца, што колькасць жаўнераў і афіцэраў у Узброеных сілах Польшчы павялічыцца на 50%, піша выданне poland.pl.

Жаўнеры польскага 18-га разведвальнага палка, які базуецца ў Беластоку.

Вынік – рост выдаткаў на ўтрыманне і пераўзбраенне войска. Польшча плануе ў бліжэйшыя гады прафінансаваць закупы вайсковай тэхнікі і ўзбраення як мінімум на 83 мільярда злотых ($21,6 мільярда), пры гэтым каля паловы ад гэтай колькасці на сістэмы паветранай і ракетнай абароны. Улічваючы, што Польшча зʼяўляецца сябрам НАТО, менавіта Расея, і ў прыватнасці суседні ваенны анклаў у Калінінградзе, дзе стаяць расейскія сухапутныя і марскія ракетныя сістэмы, разглядаецца ў Варшаве як галоўная пагроза для гэтай краіны.

У 2015 годзе ўрад Чэхіі пайшоў у тым жа накірунку.

«Урадам былі абноўленыя Стратэгія бяспекі і Стратэгія вонкавай палітыкі. Абодва дакументы цяпер непасрэдна кажуць пра дзеянні Расеі як пра вялікую пагрозу. У гэтым годзе быў прыняты новы доўгатэрміновы план пакупак для чэшскай арміі да 2030 года», – паведаміў парталу намеснік дырэктара аналітычнага цэнтру European Values у Празе Якуб Янда.

Польскія артылерысты на вучэннях Аnaconda-2016.
Польскія артылерысты на вучэннях Аnaconda-2016.

У выніку расейскіх дзеянняў урад Чэхіі вырашыў падвысіць выдаткі на абарону да 1,4 % ўнутранага валавога прадукту ў 2020 годзе з 1 % цяпер. Пра аналагічныя планы паведаміла ў 2015 годзе суседняя Славаччына – што адзначае амаль 50-ці % рост вайсковага бюджэту ў параўнанні з 2014 годам.

Аднак у найбольш небяспечным становішчы адчуваюць сябе тры краіны Балтыі, якія непасрэдна мяжуюць з Расеяй і маюць невялікія арміі. Агулам у арміях Літвы, Латвіі і Эстоніі служаць каля 30 тысяч жаўнераў і афіцэраў, і, па меркаванні экспертаў Stratfor, іншыя краіны НАТО проста не паспеюць дапамагчы прыбалтыйскім дзяржавам у выпадкі маскоўскай агрэсіі. З гэтай прычыны тут прынята размесціць пастаянныя сілы Атлантычнага альянсу.

Таксама самі гэтыя краіны вырашылі мадэрнізаваць і павялічыць свае ўзброеныя сілы. Эстонія абвесціла планы набыцця новых узбраенняў прыкладна на $900 мільёнаў на перыяд да 2020 году – гэта больш, чым гадавыя выдаткі на ўсю 60-тысячную беларускую армію.

Латвія таксама павялічвае выдаткі на абарону да 2 % ВУП з 1,4 %. У 2016 годзе краіна вырашыла значна павялічыць колькасць байцоў спецпрызначэння, каб аператыўна рэагаваць на «гібрыдныя» пагрозы.

«Мы аналізуем, вывучаем досвед правядзення асаблівых аперацый спецназа іншых краін. Мы гатовыя супрацьстаяць «зялёным чалавечкам»», – адзначыў камандуючы атрадам спецпрызначэння Юрыс Ушацкіс.

Спецпрызначэнцы атрада Speciālo uzdevumu vienība (SUV) Узброеных сіл Латвіі на вучэннях НАТО Flaming Sword

Літва фармуе і ўзбройвае новую матарызаваную (мотапяхотную) брыгаду «Жэмайція», купляе найноўшую бранятэхніку, артылерыю і амерыканскія супрацьтанкавыя комплексы Javelin.

Разам з Варшавай і Кіевам Вільня таксама стварае сумесную трохнацыянальную баявую брыгаду, якая павінна адпрацоўваць супрацу па стандартах НАТО. У склад брыгады ўваходзяць у тым ліку ўкраінскія ветэраны вайны на Данбасе.

Акрамя таго, краіна ўжо аднавіла прызыў моладзі ў войску, разумеючы патрэбнасць у падрыхтаваных вайскоўцах, якіх трэба будзе мабілізаваць у выпадку вайны.

Байцы LITPOLUKRBRIG на цырымоніі пачатку вучэнняў Аnaconda-2016.

Паўночныя краіны Еўропы, у сваю чаргу адчуваючы ціск з боку вайны, узмацняюць супрацу з НАТО і пачалі павялічваць фінансаванне войска.

Гэтак плануецца рэзка ўзмацніць Нарвежскую Краёвая Абарону – узброеныя фармаванні з мясцовых жыхароў, якія рэгулярна трэнуюцца, каб у выпадку вайны ўзяцца за зброю і каб дапамагаюць сваёй арміі ці пераходзіць да партызанскай дзейнасці.

У часы Халоднай вайны Краёвая Абароны карысталася вялікай павагай з боку саюзнікаў Нарвегіі па НАТО, але яна была значна скарочаная ў 1990-я гады, калі пагроза з Усходу, як лічылася, стала нязначнай. Сітуацыя змянілася пасля акупацыі Крыму і вайны на Данбасе.

У Швецыі ваенны бюджэт павялічыцца да $5,4 мільярда ў 2017 годзе з $5,1 мільярда ў 2016. У 2020 годзе выдаткі паднімуцца амаль да $6 мільярдаў.

Фінскі знішчальнік F/A-18 Hornet.
Фінскі знішчальнік F/A-18 Hornet.

«Павелічэнне абароннага бюджэту мае ключавое значэнне, асабліва ў свеце пагаршэння сітуацыі ў сферы бяспекі», – адзначыў міністр абароны краіны Петэр Хультквіст.

Выдаткі на фінскую армію растуць таксама ўжо трэці год і дасягнуць у 2017 годзе каля $3,3 мільярда. У нейтральнай краіне абмяркоўваецца пытанне аб далучэнні да НАТО. У гэтым годзе Хельсінкі адкрыла тэндэр на пакупку дзясяткаў новых знішчальнікаў для сваёй авіяцыі – агульным коштам да $10 мільярдаў.

АБАРОНА – СПРАВА ЎСЁЙ НАЦЫІ

Увогуле, абавязковы прызыў у войска стаў значна больш папулярным у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пасля таго, як аказалася, што з вялікай верагоднасцю заняткам войска рэгіёна будуць не хуткія экспедыцыі ці міратворчыя аперацыі, а цяжкая і крывавая абарона Радзімы.

Эстонія і Беларусь гэтак і не адмянялі прызыў, згаданая ўжо Латвія думае пра вяртанне да яго, Украіна імкліва адмяніла планы па пераходзе да чыста кантрактнага войска пасля пачатку ўзброенага канфлікту, вяртанне прызыву абмяркоўваць у Чэхіі і Нямеччыне.

На поўначы Еўропы Фінляндыя ўжо амаль 100 год захоўвае прызыўную армію, якая паказала свае высокія баявыя здольнасці ў баях са значна большай Чырвонай арміяй у 1939-1940 і 1941-1944 гадах.

Высокімі лічацца якасці таксама прызыўной нарвежскай арміі. Больш за тое, у 2016 годзе нарвежцы пашырылі прызыў на жаночае насельніцтва краіны.

Шведскія жаўнеры на вучэннях

Нейтральная Швецыя адмяніла прызыў шэсць год таму, аднак на тле агрэсіўнай палітыкі Масквы ў краіне расце кансэнсус адносна вяртанне да абавязковай службы.

«Ёсць дзве прычыны вяртацца да прызыву. Сацыял-дэмакраты кажуць пра тое, што мы малая нацыя, і ўсё павінны рабіць разам. Лібералы ж звяртаюць увагу на эфектыўнасць», – кажа Ёхан Вікторын, шведскі кансультант у сферы бяспекі.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў