Эфект Косцікавых. У Зэльвенскім раёне масава здымаюць з уліку «амаральных» бацькоў


Пасля няўдалай спробы забраць дзяцей у Алены Косцікавай, улады Зэльвенскага раёну рэзка знізілі колькасць сем’яў у «сацыяльна небяспечным становішчы».

Камісія па справах няпоўнагадовых вынесла рашэнне перавесці дзяцей Алёны і Дзмітрыя Косцікавых на дзяржзабеспячэнне яшчэ ў чэрвені. Падставаю стаў Дэкрэт №18 – «Аб дадатковых захадах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях». Паводле яго, дзяржава забірае дзяцей у «амаральных» бацькоў – напрыклад, алкаголікаў або наркаманаў.

Актывіст Беларускага незалежнага прафсаюзу радыёпрамысловасці Міхаіл Сошка заявіў «Белсату», што сям’я Косцікавых – «абсалютна здаровая, нармальная, якіх у Беларусі большасць», а працэс супраць іх – пытанне грошаў.

«Гэты дэкрэт быў у такім напаўзамарожаным стане, а зараз выходзіць што трэба эканоміць бюджэтныя сродкі», – лічыць Сошка.

Паводле Віктара Марчыка, дзяржава не толькі ашчаджае на выплатах дапамогі для дзяцей, але і зарабляе: пазбаўленыя бацькоўскіх правоў вымушаныя аплочваць знаходжанне сваіх дзяцей у дзіцячых дамах.

«У сапраўдных алкаголікаў, якіх не прымусіш працаваць, улады дзяцей не адбіраюць – з іх потым нічога не возьмеш. Ідуць проста да бедных, але працавітых. І гэтых людзей заганяюць потым у даўгавую яму», – кажа Віктар Марчык.

Распараджэнне па Косцікавым было надуманым, кажа Марчык.

«Старшыня дзярэчанаскага сельсавету прыязджала да суседзяў Косцікавых і прасіла іх напісаць паперу, што сям’я Косцікавых – праблемная. Але суседзі сказалі ёй, што «калі прыедзе яшчэ раз – спусцяць з лесвіцы».

Алена Косцікава, маці чацвярых дзяцей. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Адначасова супраць шматдзетнай маці распачалі адміністрацыйную справу праваахоўнікі.

10 пратаколаў

Міліцыянты, якім спадарыня Косцікава адмаўлялася аддаць дзяцей, склалі на яе дзесяць пратаколаў паводле артыкулу 24.4 КаАП – «за непадпарадкаванне законным патрабаванням службовых асобаў дзяржаўнага органа пры выкананні імі службовых паўнамоцтваў».

«Нават у судзе здзівіліся, што пратакол бы не адзін, а дзесяць, – кажа Марчык. – У гэтых пратаколах адвакат знайшоў мноства памылак, і пратаколы адправілі на дапрацоўку ў Зэльвенскі РАУС».

Алена Косцікава у судзе. Суддзя Ганна Каралевіч вярнула у Зэльвенскі РАУС 10 пратаколаў аб непадпарадкаванні Алены Косцікавай міліцыянтам. Зэльва, 1 жніўня 2017 года. Фота – Ганна Валадашчук/Газета Слонімская

2 жніўня дзярэчанскі сельсавет адмовіўся прысвойваць Косцікавым статус «у сацыяльна небяспечным становішчы». Віктар Марчык лічыць, што адбылося гэта дзякуючы ўвазе журналістаў і грамадскіх актывістаў да справы.

Актывіст кажа, што цяпер такога статусу масава пазбаўляюць і іншых – у тым ліку тых, што стаяў на ўліку шмат гадоў.

27 ліпеня слонімскія актывісты прывезлі Косцікавым матэрыяльную дапамогу. 27 ліпеня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Паводле Марчыка, на наступным тыдні слонімскія актывісты адправяць Косцікавым чарговую гуманітарную дапамогу – да пачатку навучальнага года.

ДД

Стужка навінаў