Эдуарду Пальчысу пагражае да 5 гадоў турмы за распальванне нацыянальнай варожасці


Следчы камітэт паведаміў, што працягвае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 25-гадовага нарадзінца Гарадзенскай вобласці, вядомага як Джон Сільвер і адміністратар сайту www.1863x.com.

За «распальванне варожасці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. За «распаўсюд парнаграфіі» – пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.

«Вызначана, што падследны, зʼяўляючыся адміністратарам сайта www.1863x.com, размяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці або розні, а таксама выявы парнаграфічнага зместу. Гэта пацвярджаюць вынікі праведзеных экспертызаў», – паведамляе Следчы камітэт.

Першапачаткова да Пальчыса была ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

«Аднак абвінавачваны вырашыў схавацца ад крымінальнага пераследу і ў кастрычніку 2015 году выехаў за межы Рэспублікі Беларусь. У гэтай сувязі ён быў аб’яўлены ў міждзяржаўны вышук. У гэты час расследаванне крымінальнай справы працягваецца, мужчына высланы з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту», – гаворыцца на сайце СК.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў