Дзюрка на арбіце: Міжнародную касмічную станцыю трэба было заклейваць скотчам


фота: mk.ru

Паводле адной з версій дзюрку ў корпусе стыкаванага да яе Саюза яшчэ на Зямлі выпадкова зрабіў адзін з працаўнікоў расейскай касмічнай карпарацыі. А каб ніхто гэтага не пабачыў, ён заклеіў яе клеем.

Трывожныя сігналы з арбіты паступілі ўначы з 29 на 30 жніўня. Кампутар занатаваў зніжэнне атмасфернага ціску на Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) праз уцечку паветра. Першымі паведамленне пра праблему атрымалі амерыканцы, бо першапачаткова меркавалася, што збой адбыўся ў іх частцы.

 

Аднак неўзабаве кіраўнік расейскага касмічнага агенцтва Раскосмас Дзмітрый Рагозін прызнаўся, што ўцечка адбылася ў адным з адсекаў транспартнага карабля Саюз МС-09, які прыстыкаваўся да МКС у ліпені. Гэта было выяўлена сумесна расейскімі касманаўтамі і амерыканскімі астранаўтамі, якія падчас абіўкі сценак туалета наткнуліся на… прасвідраваную адтуліну.

фота: atomic-energy.ru

Першапачатковая версія сутыкнення з мікраметэарытам была адрынутая. Тым больш, як пазней паведамілі расейскія інфармацыйныя агенцтвы, дзюрка з’явілася яшчэ на Зямлі. Пазней высветлілася, што яшчэ на заводзе расейскай касмічнай карпарацыі Энергія работнік выпадкова зрабіў адтуліну ў корпусе карабля. А каб пра гэта ніхто не даведаўся, віноўнік (які паводле некаторых звестак ужо прызнаў сваю віну), заклеіў дзюрку клеем. І дзякуючы гэтаму карабель прайшоў выпрабаванне на герметычнасць.

Але на арбіце аплатка з клею вываліся. Згодна з падлікамі сябраў экіпажу МКС, праз адтуліну было страчана каля 40 кубічных метраў паветра, што зʼяўляецца 1/10 усяго запасу паветра станцыі. Гэта не так і страшна, падкрэсліваюць эксперты, але калі б уцечка працягнулася, гэта магло б прывесці да небяспекі. На шчасце, сітуацыю ўзялі пад кантроль. Адтуліну на гэты раз заклеілі адмысловым тэрмічным скотчам. Экіпажу нічога не пагражае.

Пазней кіраўнік Раскосмасу пачаў адмаўляцца ад першапачатковай версіі, згодна з якой прычынаю аварыі стала проста ненаўмыснае разгільдзяйства.

Наземная версія правяраецца. Але ёсць і іншая версія, якой не адкідваем – сказаў Рагозін.

На яго думку, не выключаюцца, «адмысловыя дзеянні ў космасе.» Рагозін паінфармаваў, што побач з адтулінай заўважана «некалькі спробаў выкарыстання дрэлі» на ўнутраным корпусе карабля, і цяпер эксперты павінны дакладна вызначыць, дзе гэта адбывалася – на Зямлі, ці ўжо на арбіце.

Бачна, што інструментам карыстаўся няўмелы чалавек, таму можам адрынуць версію, што гэта нейкая тэхналагічная памылка.

Кіраўнік Раскосмасу абяцае, што ўнутраны кантроль у кампаніі абсалютна прадэманструе, хто хацеў нашкодзіць караблю і экіпажу.

Мы дакладна даведаемся ўсе акалічнасці – абяцаю.

Між тым агучваюцца і некаторыя іншыя версіі гэтага выпадку. Максім Сураеў, былы касманаўт, а цяпер дэпутат Дзяржаўнай Думы кажа, што дзірку ў касмічным караблі мог прасвідраваць сябра экіпажа, што меў праблемы з псіхікай і… хацеў дадому.

Мы ўсе жывыя людзі, мы ўсе можам хацець дадому, але гэты спосаб зусім няварты. Калі гэта ўчыніў касманаўт, а гэта цалкам верагодна, што гэта вельмі кепска, – сказаў Сураеў. – Дай Бог, каб гэта быў дэфект на вытворчасці, хоць гэта таксама вельмі сумна. Нечага падобнага раней не было ва ўсёй гісторыі Саюзаў

СК. belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары