Дзённік пілігрыма. Як Кракаў вытрымлівае процьму гасцей


«Молімся за тых, хто прымаў у сябе пілігрымаў, за тых, хто мае цяжкасці праз Сусветныя Дні Моладзі і тых, хто наракае». Гэтыя некананічныя словы гучалі 26 ліпеня на імшы падчас афіцыйнага адкрыцця найбуйнейшага ў свеце спаткання каталіцкай моладзі.

У мясцовых медыях прагназавалася 2 мільёны гасцей. Ва ўчарашніх паведамленнях называлася лічба толькі 200 000 пілігрымаў. Цягнікі і аўтобусы з удзельнікамі святкавання працягваюць з’язджацца: наперадзе кульмінацыя – малітва з Папам Рымскім.

Еўрапейскі каралеўскі горад імкліва павялічыў колькасць сваіх насельнікаў прыкладна ў два разы! Маладыя пілігрымы з усяго свету нагадваюць добразычлівых фанатаў напярэдадні гульні. Толькі футбол расцягнуўся на тыдзень і заняў усю прастору для жыцця.[/vc_column_text][vc_single_image image=”259860″ img_size=”large”][vc_single_image image=”259728″ img_size=”large”][vc_single_image image=”259732″ img_size=”large”][vc_column_text]Для радасных воклічаў «Арыва!», «Олэ-олэ!», «Езус!» пад дудзенне вувузэл ды грукат бубнаў вялікай нагоды не трэба. Сігналы аўтаў, нацыянальныя сцягі, выпадкова заўважаны пасуседству, ці проста маланка ў небе выклікаюць проста хвалю шуму, які рэхам падхопліваюць усе.

Напрыклад, сёння ўкраінцы на ўвесь аўтобус віталі нашу групу, калі пачулі, што тут ёсць грэка-католікі. Калі я ўдакладніла, што грэка-католік усяго адзін (то бок я), якая далучылася да адной з менскіх парафіяў, браты-ўкраінцы папляскалі ў ладкі яшчэ раз.

– Спадарства, напэўна, не рада такой колькасці гасцей? – пытаюся ў паліцыянтаў, якія ўвесь гэты час працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.

– Ды не. Гэта ж толькі на тыдзень, – малады супрацоўнік пад усмешкі калег трымае марку ветлівасці.

– А калі панства апошні раз бачылася са сваймі сем’ямі? – усё ж хачу справакаваць я.

– Ну… Даўно, – прызнаецца паліцыянт.

Я прашу іх падказаць кірунак патрэбнай мне вуліцы. Паліцыянт гугліць на карце ў сваім смартфоне, тлумачыць ды зычыць «milego pobytu w Krakowie» (прыена пабавіць час у Кракаве).

Чалавек у спецформе правярае пакеты ў вулічных сметніцах, а ўбачыўшы ў маіх руках карту гораду і разгублены выраз твару, ён першы пытаецца, куды я маю ісці. Хутка расказвае ды, нядоўга наракаючы, вяртаецца да сваёй справы.

У горадзе выставілі каля 6000 дадатковых біяпрыбіральняў. Зарэгістраваныя пілігрымы цалкам бясплатна карыстаюцца грамадскім транспартам, дзе адмыслова адкрылася некалькі дадатковых маршрутаў. Таксама бясплатна на гэтым тыдні яны могуць наведаць, бадай, самыя буйныя музеі. Незвычайна доўгія чэргі каля кавярняў і рэстарацыяў – верны знак таго, што там харчуюцца госці па спецыяльных талонах.

Пілігрымаў рассялілі па мясцовых сем’ях, школах, намётавых мястэчках. Зарыентавацца ў горадзе ім дапамагаюць 25 000 валанцёраў.

Зубастыя мясцовыя журналісты атакавалі мэра Кракава пытаннямі пра бюджэт Сусветных Дзён Моладзі, выдаткі гораду ды ці ўрэшце акупіцца гэта ўсё. Галоўны арганізатар – Кракаўская архідыяцэзія – агучыць лічбы пасля завяршэння. Вядома, што арганізацыя папярэдніх урачыстасцяў у 2011 годзе ў Мадрыдзе каштавала каля 50 мільёнаў еўраў. На 70 % гэта былі ўнёскі ўдзельнікаў.

Пажылая Пані, што дапамагала разабрацца мне ў раскладзе трамвая, усцешаная вялікай колькасцю пабожнай моладзі.

«А чаму не?! На днях са мной у аўтобусе ехалі італьянцы: яны так прыгожа спявалі!», – захапляецца кабета і дадае, што прыезд Папы – заўжды падзея для Польшчы. Калі нехта не едзе на малітву з ім, то сядзіць каля тэлевізара.[/vc_column_text][vc_single_image image=”259792″ img_size=”large”][vc_single_image image=”259844″ img_size=”large”][vc_column_text]Як бы ні было, правядзенне Сусветных Дзён Моладзі – вельмі каштоўная лепта ў без таго моцны імідж адной з культурных сталіцаў Еўропы. Менавіта сюды сёння глядзіць увесь свет.

«Польшча і Кракаў цешацца вамі!» – звярнуўся да пілігрымаў на заканчэнне першай урачыстай імшы кракаўскі арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш.

Фота: Вячаслаў Радзіміч

Хрысціна Марчук, belsat.eu

Стужка навінаў