Дзённік пілігрыма. Ці засталося бяспечнае месца ў Еўропе?


Пасля тэрактаў у Францыі і Бруселі ў польскай прэсе асабліва абмяркоўваецца ахова Сусветных Дзён Моладзі.

Інструкцыяў для пілігрымаў, што рабіць у неспадзяванай сітуацыі, не было. Мясцовыя апекуны груп і валанцёры спакойныя і ветлівыя.

Усё ж падвышаныя меры бяспекі відаць і няўзброеным вокам. Уваход на поле Блоня, дзе адбываліся масавыя малітвы з удзелам Папы Рымскага, быў магчымы толькі па спецыяльных білетах. Асабістага догляду пілігрымаў ніхто не рабіў. Гэта месца, як і ўвесь горад ужо тыдзень, патрулююць нават верталёты. Паліцыянты апранутыя ў форму, аднак хапае і ў штацкім: верагодна, для нябачнага назірання за сітуацыяй усярэдзіне сектараў. У некаторых месцах вялізнага луга Блоня пабудаваныя вышкі, на якіх я заўважыла па некалькі моцных людзей у цёмна-зялёнай палявой форме з балаклавамі.

[/vc_column_text][vc_single_image image=”261436″ img_size=”large”][vc_single_image image=”261408″ img_size=”large”][vc_single_image image=”261364″ img_size=”large”][vc_column_text]Вядома, што на гэтым тыдні ў Кракаве працуюць больш за 6 тыс. паліцыянтаў, а ўсе сілавыя службы знаходзяцца ў стане найвышэйшай гатовасці.

Таксама сітуацыю круглыя содні пільнуюць медыкі. Іх цяпер тут каля 3,5 тыс. У горадзе абсталяваныя мабільныя шпіталі, а на палях масавых малітваў дзяжурыў нават спецыяльны квадрацыкл з прычэпам. На маіх вачах да медычнага намёту на ім прывезлі чалавека без прытомнасці. Супрацоўнікі ў чырвонай форме тут жа абкружылі яго ды транспартавалі пад навес.

Як паведамляюць кракаўскія СМІ, задоўга напярэдадні тыдня «X» шпіталі пачалі папаўняць свае запасы крыві. Яны могуць спатрэбіцца ў выпадку тэрарыстычнага замаху.

У так званых «кампусах», дзе праходзяць масавыя малітвы, дзяжураць валанцёры-харцэры. У іх яркія камізэлькі і вялікія заплечнікі са сродкамі першай дапамогі і лекамі.

Верагоднасць тэрарыстычнай пагрозы стала нават нагодай для крытыкі цяперашняга ўраду Польшчы з боку апазіцыі. Маўляў, Сусветныя Дні Моладзі неабходна адмяніць.

Пад час самай першай імшы гучалі малітвы за душы застрэленага святара ў Францыі. Часта тэма тэрарызму ўзгадваецца ў казаннях розных святароў. На жаль, выглядае на тое, што ў Еўропе больш не засталося гарантавана бяспечнага месца.

Калі я спыталася ў пілігрыма з Францыі, што магло сапраўды вырашыць гэту страшную праблему, 21-гадовы Антуан не задумваючыся гаворыць:

-А я магу сказаць «малітва»?

Хрысціна Марчук, belsat.eu, фотаздымкі Вячаслаў Радзіміч

Стужка навінаў