Дзённік пілігрыма. Навошта маліцца з Папам?


@wydkrakow2016, #Krakow2016, #SDM, #JMJ, #GMG, #WJT

Фото опубликовано Pope Francis (@franciscus)

Папа Рымскі ў кракаўскім трамваі

Парадокс касцёла: Папа Рымскі – на 100% кіраўнік грамадскага інстытуту і на 100% пераемнік апостала Пятра на зямлі.

Для чаго каталікі з усяго свету едуць за тысячы кіламетраў, калі можна схадзіць у бліжэйшы касцёл? Чаму яны гатовы за гэта плаціць (пакет пілігрыма на Сусветныя дні моладзі каштаваў ад 50 да 200 еўра)? Што менавіта так кранае палякаў у наведванні іх краіны кіраўніком касцёла?

Калі сам не з’яўляешся вернікам, гэта сапраўды цяжка зразумець.

Кракаўскія лугі Блоня – адна з найбуйнейшых гарадскіх зялёных зонаў у Еўропе. Іх плошча раўняецца 12 футбольным палям. Тут і раней праходзілі сустрэчы з Янам Паўлам ІІ і Бенедыктам ХVІ. Цяпер гэта месца раздзелена на розныя сектары ды абсталявана неабходнай апаратурай для вітання Папы Францішка.

28 ліпеня з-за таго, што былі перакрытыя многія дарогі, я не паспела дайсці да сваёй зоны на Блонях. Прыйшлося спыніцца ў сектары, адкрытым для ўсіх жыхароў Кракава.

Нягледзячы на дождж, на тое, што гэта было самае далёкае месца ад сцэны, а цырымонію было відаць і чуваць толькі праз экраны з калонкамі, тут не было дзе яблыку ўпасці.

Канешне, можна глядзець трансляцыю ўдома, але гэта не дасць самага важнага: пачуцця вялікай супольнасці. У адной з найважнейшых хрысціянскіх малітваў «Сімвал веры» ёсць такі радок: «…верую ў адзіную паўсюдную і апостальскую царкву…». Вось яно! Словы малітвы збываюцца на ўласных вачах!

Папа Францішак, натуральна, меў вялікую праграму афіцыйных сустрэчаў у Польшчы. Больш за ўсіх чакалі ягоных настаўленняў маладыя пілігрымы. Акрамя набажэнстваў у Сусветных Дзён Моладзі ёсць яшчэ адна традыцыя. Яе запачаткаваў іх ініцыятар Ян Павел ІІ. З акна Дома арцыбіскупаў у Кракаве па вуліцы Францішканскай, 3, Папа гаворыць прамовы.

Увечары 28 ліпеня Папа Францішак казаў пра крызіс сям’і і нагадаў тры чароўныя словы, што дапамогуць захаваць шлюб. «Калі ласка», «дзякуй», і «прабач» – усё геніяльнае проста.

«Калі ласка, запомніце гэта, – параіў Папа Францыск. – Не заканчвайце дзень без гэтых словаў. Памятайце, «халодная вайна» на наступную раніцу вельмі небяспечная».

Для нашых суседзяў візіт галавы каталіцкай царквы яшчэ і справа нацыянальнага гонару. У гісторыі Польшчы прыезды Яна Паўла ІІ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя адыгралі выключную ролю.

Калі пытаешся ў палякаў, чаму для іх так важна ўсёй сям’ёй прыехаць на малітву з Папам, то не ўсе нават разумеюць пытання.

«А што, калі б Папа Францыск быў бы ў Беларусі, то людзей менш сабралося б?.». – адказала мне адна пані.

Ці прыедзе Папа Рымскі ў нашу краіну? На апошнім свяце ў гонар Маці Божай Будслаўскай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч казаў, што пакуль гэта наўрадці магчыма.

Імаверна, прычыны трэба шукаць у геапалітыцы і гісторыі дачыненняў з РПЦ. Як чалавек, які ўдзельнічаў у малітве з Папам асабіста, упэўнена скажу адно. Прыезд Папы Рымскага збірае ўсіх каталікоў разам. Вялікая імша вельмі расчульвае, прыбірае бар’еры паміж людзьмі. Мудрагелістыя паняцці «нацыянальная ідэнтычнасць», «супольнасць» набываюць выразны просты сэнс. Пытанне ў тым, ці патрэбны сённяшняй Беларусі такі згустак з’яднанасці ды шчырасці?

Хрысціна Марчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары