Дзённік пілігрыма. Беларусы на Сусветных днях моладзі (Фота)


Калі знаходзішся сярод мільённай супольнасці, разумееш, чаму 1000 год таму тваю краіну пахрысцілі.

Першапачаткова беларускія СМІ паведамлялі, што ў Кракаў прыедзе каля 5 тысячаў асобаў з Беларусі. Дарэчы, столькі ж украінскіх рыма- і грэка-каталікоў зарэгістраваліся папярэдне. 26 ліпеня каардынатар пілігрымкі ксёндз Антоній Грэмза з Горадні сказаў, што ў цырымоніі адкрыцця ўдзельнічала каля 1000 нашых маладых суайчыннікаў. Троху менш людзей, паводле нашых звестак, прыехала з Расеі.

Беларусь – адна з 187 краін, чые сцягі прысутнічаюць на Сусветных Днях Моладзі! Нашы пілігрымы прыехалі з прыгожым перакладам гімна мерапрыемства на родную мову:

Каб скончыць статыстычную даведку, дадамо, што найбольш пілігрымаў зарэгістравалася з Польшчы: больш за 171 тысячу асобаў. Далей ідуць Італія (больш за 77 тысяч), Францыя (больш за 34 тысячы), ЗША (больш за 27 тысяч) і Нямеччына (больш за 15 тысяч).

Простая беларуская рэчаіснасць: усяго па два

«Ось і прапор нормальний прийшов!» – рэагуе пілігрым з Украіны, заўважыўшы бел-чырвона-белы сцяг на полі, дзе чакаюць пачатку інаўгурацыйнай імшы.

Беларусы адказваюць з энтузіязмам – пачынаецца абмен ветлівасцямі народнай дыпламатыі:

– Слава Украіне!

– Героям слава!

– Жыве Беларусь!

– Жыве вечна!

Побач ужо лунае чырвона-зялёнае палотнішча. Група, што яго прынесла, альтэрнатыўную геральдыку Рэспублікі Беларусь успрымае з неразуменнем…

Абмеркаванні, які сцяг самы правільны, трывалі нядоўга, аднак выглядалі так недарэчна, што нават не хочацца іх пераказваць. Карацей, звычайная беларуская з’ява forever.

Колькасць абодвух сцягоў была заўжды аднолькавай. Калі ў сектар на полі падышла трэцяя група з Беларусі з афіцыйнай сімволікай, неўзабаве з’явіліся два маладыя манахі. У аднаго з іх на плячах быў бел-чырвона-белы штандар. Таксама ў касцёле пад час катэхезы і імшы на беларускай мове аднаго і другога варыянта сімволікі было роўна па чытыры. Так і пралуналі сімвалы раздвоенай беларускай долі ў абсалютным парытэце. Наўрадці пра гэта нехта спецыяльна дамаўляўся…

Усё ж нават пад двума сцягамі важнасць моманту бясспрэчная. Быць у вялізнай супольнасці вернікаў быццам наглядная ілюстрацыя школьнага ўрока гісторыі: «Кіеўскі князь Уладзімір хрысціў Русь, каб далучыцца да цывілізаванага свету».

Касцёл жыве не толькі на каленях, але танцуючы і спяваючы пад гітару

У першай палове дня пілігрымы размеркаваныя па катэхезах і імшах паводле мовы. Беларусы моляцца ў касцёле Св. Максіміліяна Кольбэ.

Да моладзі звярнуўся біскуп з Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі:

«Каб свет убачыў, што касцёл жыве не толькі ў святынях і на каленях».

…Але яшчэ і з танцамі, песнямі, гітарамі! Паводле весялосці беларусы саступаюць, бадай, толькі афрыканцам: у тых ёсць барабаны.

На моладзевай імшы нават кананічнае песнапенне ў часе ламання хлеба выканалі пад гітару. А потым былі танцы. Канешне, сціплыя, і разам з тым.

«За такое можна атрымаць суспендыю – абураецца семінарыст на прыступках касцёла.

Суспендыя – адзін з відаў пакарання за парушэнне канона. На маю просьбу будучы ксёндз з гістарычнымі падрабязнасцямі распавядае, што спеў перад прычасцем уведзены ў ІХ стагоддзі. Папярэдні Папа Бенедыкт спецыяльнымі дакументамі ўрэгуляваў, якія інструменты могуць выкарыстоўвацца пад час імшы. Гітар і барабанаў сярод іх няма.

«Танцы ў касцёле таксама нядобра. Выйдзеце на вуліцу ды скачыце колькі заўгодна», – гаворыць клерык.

А як жа быць са шчырымі эмоцыямі, якім цяжка даць рады, асабліва калі гэта моладзь?

«У сужэнскай пары – свае эмоцыі, якія павінны заставацца паміж сужэнцамі, паміж бацькамі і дзецьмі – свае, у касцёле на імшы – таксама свае эмоцыі», – перакананы семінарыст.

Святло на незразумелую сітуацыю – забаронена, але паўсюдна практыкуецца – пралівае польскі ксёндз Яраслаў. Ён ласкава тлумачыць, што сапраўды ёсць усталяваныя правілы, аднак як можна служыць моладзевую імшу пад арган? Каб узмацніць маленне ў пілігрымках, спяваюць пад гітару.

Ці не баіцца ксёндз пакарання ад кіраўніцтва?

«Не! Не робім нічога кепскага. Гэта своеасаблівая форма культуры», – кажа святар.

Той, хто хоць раз быў у беларускім Будславе, зразумее.


Глядзіце ўсе фота:

Архіўнае фота belsat.eu

Хрысціна Марчук, belsat.eu Фота Вячаслаў Радзіміч

Стужка навінаў