Дзяўчыны нападпітку жорстка пабілі школьніц у Дзятлаўскім раёне


Дзве дзяўчыны ў пасёлку Казлоўшчына выправіліся на танцы і збілі па дарозе трох малодшых дзяўчат. Прычына – быццам у тых не было флікераў.

Дзяўчыны 1996-га і 2000-га гадоў нараджэння прыехалі наведаць сваіх хлопцаў у Казлоўшчыну. Там дзеля весялосці яны выпілі гарэлкі, запіваючы яе півам. І выправіліся на танцы.

Іншыя дзве дзяўчынкі, 2004-га году нараджэння, мелі няшчасце трапіцца на шляху ў нецвярозай кампаніі. Быццам за тое, што школьніцы не мелі флікераў, старэйшыя дзяўчаты павалілі іх на зямлю і запіналі нагамі. Як паведамляе сайт Горадзенскага УУС, насамрэч флікеры ў школьніц былі.

Бацькі паведамілі пра здарэнне ў міліцыю, але ў той час п’яная кампанія знайшла новую ахвяру. Яшчэ адну дзяўчыну 2000-га году нараджэння збілі ўжо недалёка ад дыскатэкі, не паведамляючы прычынаў.

Абедзьве падазраваныя раней ужо прыцягваліся да адказнасці.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў