Дзяўчыну з Горадні асудзілі за карцінку з элементамі порна ў ВК


Дыяна Сельванава

Два гады з годам адтэрміноўкі, а таксама 690 рублёў, падпіска пра нявыезд ды канфіскацыя тэлефону – такі прысуд атрымала гарадзенка Дыяна Сельванава.

Яе асудзілі за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» карцінкі з элементамі парнаграфіі.

Таксама па рашэнні суда дзяўчына павінна будзе па першым жа патрабаванні зʼяўляцца ў РАУС.

Дзіця летам не паедзе на мора

Прысудам дзяўчына шакаваная, але абскарджваць яго не бачыць сэнсу.

«Вядома, тэрмін я меншы чакала, але здзіўленая вельмі штрафам. Для мяне гэта вялікая сума, я не ведаю дзе буду браць такія грошы. Бо менавіта з-за гэтай сітуацыі я засталася без працы – мяне скарацілі. А гэтыя 690 рублёў трэба выплаціць за паўгода. Што тычыцца выезду за мяжу, то магу сказаць так – маё дзіця летам не паедзе на мора», – заявіла Дыяна.

Праз журналістаў яна звярнулася да людзей і заклікала іх быць больш уважлівымі ў інтэрнэце.

«Выдаляйце, чысціце альбомы і не давайце гэтым людзям зарабiць на вашых захаваных малюнках. А таксама будзьце ўважлівыя і ведайце, што за вамі могуць сачыць. Бо ў маім выпадку гэта быў не звычайны маніторынг, а гэта я камусьці не дагадзiла», – адзначыла дзяўчына,

Справу гарадзенкі заўважылі нават у Расеі

Справа Дыяны атрымала грамадскі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і Расеі. Як паведамляе дзяўчына, каля трыццаці розных выданняў сачылі за яе справай. Дыяна думае, што менавіта яе справа ў будучыні зможа паслужыць тым, каб беларускія ўлады пераглядзелi артыкул за захоўванне i распаўсюджванне парнаграфіi ў інтэрнэце. Дыяна лічыць, што людзі не павінны пакутаваць з-за нейкай адной карцінкі.

З чаго ўсё пачалося

24 сакавіка мінулага года, каля 17:14, Дыяна, карыстаючыся сваім тэлефонам «Nokia» захавала ў альбом, які даступны да публічнага прагляду, фота, на якім часткова бачны палавы орган мужчыны.

Сама яна сцвярджае, на экране яе старога тэлефона не разгледзела фота ў дэталях: ёй падалося, што гэта проста забаўны эратычны малюнак.

На яе завялі справу паводле ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэксу. У Дыяны ёсць шасцігадовы сын.

«Там была канструкцыя з трох аголеных чалавечых целаў, але палавога органа ў мужчыны на сваім маленькім тэлефоне я не ўбачыла. Захавала фатаграфію, бо планавала потым яшчэ паглядзець яе, але не распаўсюджваць. Так атрымалася, што я забылася пра гэты здымак. У сярэдзіне восені да мяне прыйшла маліцыя. Прыйшлі яны ўжо з гатовай экспертызай малюнка», – патлумачыла Дыяна.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Hrodna.life

Стужка навінаў