Дзяўчыне, асуджаную на 12 гадоў за паўтары таблеткі экстазі, дадалі яшчэ год за сутэнёрства


5 ліпеня суд Кастрычніцкага раёну Менску з улікам ужо прызначанага пакарання прысудзіў Дарʼю Бялову да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а да таго 300 базавых велічынь штрафу з канфіскацыяй маёмасці. Абвінавачанай інкрымінавалі 7 складаў злачынстваў.

У чэрвені летась ёй прысудзілі 12 гадоў турмы за незаконны абарот наркотыкаў.

Па тэме:

25-гадовая нарадзінка Віцебску адпачывала на Кіпры. Па прылёце на радзіму дзяўчыну затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце: мытнікі знайшлі ў яе паўтары таблеткі экстазі.

Наркотык яна схавала ў шкарпэтцы. Міліцыянтам патлумачыла, што таблеткі атрымала ад знаёмага ў начным клубе і пра іх уласцівасці не ведала. Пазней дзяўчына адмовілася ад сваіх паказанняў, заявіўшы, што рэчыва ёй падкінулі ў Турцыі.

(гісторыю Дар’і глядзіце ад 26:00)

Пазней у ходзе расследавання стала вядома, што са снежня 2015 году да лютага 2016 году дзяўчына прыцягнула і спрабавала вывезці ў горад Эркан Паўночнага Кіпру для заняткаў прастытуцыяй 28-гадовую жыхарку Менску. Вядома таксама, што дзяўчына разам з саўдзельнікамі з Беларусі, Расеі і Украіны завербавала больш за 10 беларусак, а таксама грамадзянак Лівана, Малдовы, Казахстана, Украіны ды Расеі.

Бюро журналісцкіх расследаванняў «Факт» апублікавала матэрыял пра абвінавачванне Дар’і па новай крымінальнай справе. Журналісты паразмаўлялі з дзеўчынамі, што выступаюць сведкамі на судзе. Адна з іх кажа, што бачыла Дарʼю ўпершыню на самім паседжанні. Асноўная сведка, сяброўка Дарʼі Анастасія Л. кажа, што Дарʼя сапраўды прадала яе ў клуб «Golden Girls» на Кіпры, але сама дзяўчына даведалася пра гэта пазней. І ў матэрыялах па справе яна супраць сяброўкі не сведчыла.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў