Дзяўчынка Эльвіра, якую незаконна забралі ў бацькоў, сустрэне Новы год удома


Васьмігадовая школьніца Эльвіра Міронава тры з паловай месяцы правяла ў няволі.

Праблемы сям’і Міронавых з уладамі пачаліся пасля патрабаванняў Таццяны Міронавай, маці дзяўчынкі, ад адміністрацыі школы 212 выконваць Кодэкс аб адукацыі: у прыватнасці, забяспечыць санітарна-гігіенічныя ўмовы ў прыбіральнях – абсталяваць унітазы сядушкамі, выдаць туалетную паперу і ручнікі, а таксама мыла.

Таццяна Міронава, маці 8-гадовай Эльвіры

У адказ дырэктар заявіла, што на такую раскошу, як мыла, у школы грошай няма, і што бацькі, калі хочуць, няхай усё купляюць самыя. Таццяна працягвала хадзіць да адміністрацыі і патрабаваць выправіць санітарныя ўмовы. Пасля аднаго з такіх візітаў на парозе школы яе сустрэў участковы міліцыянт.

Увесну спадарыня Таццяна перавяла дачку ў школу № 217, але адносіны з адміністрацыяй не склаліся з самага пачатку: «Яны проста не хацелі нас бачыць у сябе». У выніку адміністрацыя прымусіла Таццяну Міронаву падпісаць заяву на індывідуальнае, хатняе навучанне, але пасля гэтага школа не выходзіла на сувязь з навучэнкай: не выдала падручнікі, не давала заданняў і ніяк не цікавілася лёсам дзяўчынкі.

У траўнік спадарыня Таццяна атрымала sms-паведамленне, што парушае права свайго дзіцяці на атрыманне адукацыі.

Распачаць вучобу ў новым навучальным годзе ў школе 217 дзяўчынка так і не змагла: пасля лінейкі 31 жніўня 2017 года яе забралі з дому невядомыя.

Пазней аказалася, што дзяўчынка апынулася ў адміністрацыі Фрунзенскага раёну, а потым у прытулку.

Спадарыня Таццяна абскардзіла пастанову камісіі ў справе непаўналетніх і падала позвы аб вяртанні дачкі ў сям’ю ў суд, Менгарвыканкам і Генеральную пракуратуру.

Фотаздымак з сямейнага архіву Міронавых

У кастрычніку адбылося некалькі судовых паседжанняў па справе вяртання дачкі ў сям’ю, але ў выніку 27 кастрычніка ў позве адмовілі.

29 снежня Рэнат Хасэй з Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом» паведаміў у «Фэйсбуку», што Эльвіра Міронава на свабодзе.

«Працаўнікі дзяржаўных службаў прыцягнутыя да адказнасці, вядзецца далейшая барацьба за пакаранне дзяржаўных слуг з вышэйшымі пасадамі», – напісаў актывіст.

«Большую частку зняволення Эльвіра правяла ў шпітальным ложку, – піша праваабаронца Валер Шчукін. – Улады сурё’зна падарвалі фізічны і псіхічны стан маладой беларускі».

Эльвіра Міронава з мамай

Па словах Таццяны Міронавай, вялікую працу для вырашэння справы правялі праваабаронцы «Нашага дому» на чале з Вольгай Карач.

«Пра нас распавялі ў Еўразвязе, і 20 снежня прадстаўнікі ЕЗ абмеркавалі нашую справу на ўрадавым узроўні», – кажа Таццяна Міронава.

Паводле спадарыні Мірованай, 21 снежня ёй патэлефанавалі з Камісіі па справах непаўналетніх і сказалі тэрмінова да 16-й гадзіны забраць дачку з прытулку». Ужо ўвечары Эльвіра была ўдома.

Сям’я Міроновых падзякавала тэлеканалу «Белсат» за дапамогу ў асвятленні сітуацыі вакол іхнай сям’і.

ДД

Стужка навінаў