Дзяцінства без забаронаў, ці Як выхоўваюць дзяцей у Ізраілі


Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей журналіст belsat.eu Яўген Балінскі прагуляўся з рэпатрыянтам з Беларусі па невялічкім ізраільскім горадзе Карміэль і даведаўся пра асаблівасці выхавання дзяцей ізраільцянамі.

«На дзяцей нельга насварыцца за правіннасці ды свавольства»

– Большую частку жыцця мы пражылі ў Савецкім саюзе, і ўсе правілы выхавання дзяцей увабралі там, таму, калі 20 гадоў таму пераехалі, перавучвацца было ўжо неяк нязручна, ды і позна, – распавядае 69-гадовы Майсей, былы жыхар Беларусі, а цяпер – грамадзянін Ізраілю. Тут шмат чаго дзецям дазваляюць, і гэта перасяленцам з абшараў былога СССР падаецца дзіўным.

– Калі Вы сюды пераехалі, што адразу кідалася ў вочы ў мясцовых падыходах да выхавання дзяцей?

– Большасць нашых сяброў і сяброў нашых дзяцей тут – перасяленцы, таму мы ніколі не ўваходзілі ў семʼі карэнных жыхароў. Але некаторыя рэчы, натуральна, увесь час кідаліся ды кідаюцца нам у вочы. Нас моцна здзівіла, што тут усе паўтаралі: «Дзецям трэба дазваляць усё, на іх нельга насварыцца за правіннасці ды свавольства», – нас гэта абурала. Мы лічылі і лічым, што вынікам такога выхавання будзе развіццё пачуцця ўсёдазволенасці. Нават і цяпер унукам часам мы дазваляем сабе сказаць «пакараю» і падобнае.

– Турыстаў з Беларусі тут вельмі ўражвала наступная сцэна: немалады чалавек і чужыя дзеці адначасова выходзяць з падʼезда, дзеці бягуць наперадзе гэтага чужога дарослага і адчыняюць перад ім дзверы, прытрымліваюць.

– Не магу сказаць, што гэта паўсюдна. У мяне ў адказ ёсць іншая гісторыя. Калі бацька маёй жонкі быў паралізаваны, і мы вывозілі яго на вуліцу, дык нейкі суседскі хлопчык, метр з кепкаю, штораз падыходзіў да інваліднага крэсла і казаў: «Шалом, Саша!». Спачатку нас гэта таксама здзіўляла: як гэта такое маленькае дзіця – і звяртаецца проста «Саша». А потым нам сказалі, што ў Ізраілі на «Вы» звяртаюцца толькі да бога.

Тым часам мы прыйшлі на спартовую пляцоўку, дзе на размешчаных на адмысловым мяккім пакрыцці горках і арэлях гарэзавалі дзеці. Я адразу ўзгадаў, як шмат у якіх беларускіх дварах з горкі дзеці зʼяжджаюць, напрыклад, у бетон. Да размовы далучылася маладая мама, таксама расейскамоўная перасяленка:

– Калі на горкі прыходзяць габрэйскія дзеці, мы наагул заўсёды сыходзім. У мяне маленькае дзіця, якое патрабуе сну, а гэтыя дзеці крычаць так, што пра сон няма і гаворкі – яны зусім не ўмеюць сябе паводзіць. Бегаюць, крычаць, бо бачаць прыклад бацькоў, якія жывуць так, быццам навокал больш нікога няма. Аднойчы мы былі ў гатэлі ў Еўропе, і на рэцэпцыі глядзім – гара шалупіны ад семак. Мой муж адразу сказаў, маўляў, глядзі, нашыя (ізраільцяне) сядзелі. Сапраўды, так і апынулася.

Ці ў краме жанчыны набяруць штаноў да прымерачнай, здымаюць іх, і там на падлозе і пакідаюць, топчуцца, прымяраюць наступныя. А дзеці ўсё гэта бачаць, і ўсё гэта ўплывае.

– Але хіба што вы патрабуеце дзіўных рэчаў – цішыні ды спакою на гульнявай пляцоўцы. А можа, гэтыя дзеці такія гаманлівыя, бо іх гадуюць у атмасферы большай свабоды і разняволенасці, чым у Беларусі?

– Так, натуральна, – адказвае Майсей, – але яны мусяць разумець, што побач з імі знаходзяцца людзі, сярод каторых некаторыя спяць.

Дзяўчынкі – таксама абаронцы Айчыны

– Дарэчы пра ўсёдазволенасць. Ці ў семʼях мясцовых жыхароў няма хатняга гвалту?

– Крый Божа.

– Мне распавядалі, што пасля святаў у рэлігійных школах габрэйскія дзеці мехамі выкідваюць булачкі ў сметнік.

– Так, і тут яшчэ раз праяўляецца іхнае стаўленне да таго, што навокал. Калі ты прыйдзеш у краму, убачыш, колькі набіраюць ізраільцяне – поўную цялежку, ды яшчэ і з горкаю. Гэта калі казаць пра артадаксальных габрэяў, што атрымліваюць датацыі дзяржавы, увесь час вывучаюць рэлігійную літаратуру і паважаюць усе свае традыцыі. Яны калі падыходзяць да касы, там лепей чаргу не займаць – будзе стаяць гадзіну са сваёй цялежкаю. А потым у кожнага прадукту выходзіць тэрмін прыдатнасці – дык яны ўсё выкідаюць, а потым зноўку ідуць у краму.

Насупраць нас жыве такая сямʼя. Каб ты завітаў да іх, то пабачыў бы, што на шматлікіх паліцах з кніжкамі няма ніводнай свецкай ці навуковай кнігі. На сценках нейкія бясконцыя партрэты габрэйскіх мудрацоў. Яны атрымліваюць грошы ад дзяржавы ці ад нейкай рэлігійнай рады, і гэтых грошаў не лічаць.

– Як габрэйскія дзеці суіснуюць з арабскімі?

– Ніяк. Прынамсі, у «ружовым» дзяцінстве (у самым ранішнім дзяцінстве і ў школьныя гады) – абсалютна ніяк. Цяпер нібыта крыху неяк інакш, але 20 гадоў таму, калі мы прыехалі ў 40-тысячны Карміэль, тут не было аніводнага араба, але пазней яны пачалі зʼяўляцца. Куды яны ходзіць у школу? Гэтага я не ведаю, але думаю, у сваіх арабскіх вёсках. Але дзеці з тых нешматлікіх арабскіх семʼяў, што жывуць у самым Карміэлі, напэўна, ходзяць у звычайныя школы. Дарэчы, у артадаксальных габрэйскіх школах хлопчыкі навучаюцца асобна ад дзяўчынак, і дзеці не вывучаюць ані матэматыку, ані фізіку. Наагул, арабскія і габрэйскія дзеці сустракаюцца першы раз у інстытуце.

– Хто вінаваты ў тым, што арабскія і габрэйскія дзеці жывуць асобна? Дзіўна, што вы не зразумелі пра падзеі 70-гадовай даўніны – пра Галакост, пра небяспечнасць падзяляць людзей.

– А хто вінаваты? Тут вінаватых няма чаго шукаць. Галакост – гэта іншае. Але тут шмат арабаў, ды і ў Еўропе лічаць, што Галакосту не было, што ўсё гэта прыдумалі.

– І дзеці з пялёнак растуць у атмасферы супрацьстаяння.

– Была калісьці ў Ізраілі ў 60-х гадах прэмʼер-міністр Голда Мэір. Яна сказала, што вайна і супрацьстаянне тут будуць доўжыцца ды таго часу, пакуль арабскія маці не палюбяць сваіх дзяцей больш, чым яны ненавідзяць габрэяў.

– І ўсю віну вы вешаеце на арабаў.

– Не «вешаеце».

Наш суразмоўца Майсей відавочна абразіўся на апошнюю заўвагу і больш нічога істотнага не дадаў.

-Ці дзяўчынкі тут таксама мусяць служыць у войску – іх што, у дзяцінстве таксама называюць «абаронцамі», як у нас хлопчыкаў? Яны таксама гуляюць у «вайнушку»?

– Абавязкова называюць! Але тут і двароў такіх няма, каб у «вайнушкі» гуляць, ды і я наагул не заўважаў, каб яны гулялі. Але што да «абаронцаў» – так. Яны ж будуць служыць, і шмат хто – у сапраўдным баявым войску. Таму асаблівых уступак праз тое, што «яна ж дзяўчынка» тут не робяць.

Яўген Балінскі, bеlsat.еu

Стужка навінаў