Дзясятак чалавек выйшлі на пратэст супраць рэстарацыі ў Курапатах


2 чэрвеня 2018 года. Уладзіслаў і Алена Насевічы са сваймі катамі на пратэсце супраць адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» у Курапатах. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

2 чэрвеня а 12-й гадзіне ў Курапатах сабраліся 12 актывістаў на чале са Змітром Дашкевічам. Яны прыйшлі, каб пільнаваць магчымае адкрыццё рэстарацыі «Паедзім, паядзім». Пратэстоўцы маюць з сабой улёткі з інфармацыяй пра Курапаты, яны збіраюцца раздаваць іх персаналу і магчымым гасцям рэстарацыі.

13:40 «Малады фронт» прынялі рашэнне не ставіць намёт. Пратэстоўцы перамясціліся з пляцоўкі каля неадчыненай рэстарацыі да ўрочышча, дзе заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Каля «Бульбаш-холу» застаўся толькі Павел Севярынец. Пратэстоўцы пастанавілі сабрацца ў Курапатах у панядзелак а 12-й і вырашыць, што рабіць далей.

12:30 Уладзіслаў і Алена Насевічы прыйшлі на пратэст са сваймі катамі.

«Нават жывёлы разумеюць, што тут будавацца нельга», – сказаў Уладзіслаў.

Як паведамляў раней Павел Севярынец, ад 14-й гадзіны каля рэстарацыі уладкуюць намёт, у якім актывісты будуць несці варту, каб не дапусціць адкрыцця рэстарацыі.

Кветкі замест намётаў

Паводле Змітра Дашкевіча, у ініцыятыве з намётавым мястэчкам, ён браць удзелу не будзе. Ён лічыць, што ў адрозненне ад леташняй сітуацыі цяпер гаворка не вядзецца пра будаўніцтва, а будынак рэстарацыі выглядае «як закансерваваны». Таму і знаходзіцца тут кругласуткава Дашкевіч «не бачыць сэнсу».

Дашкевіч заклікае прысутных пайсці пасля акцыі саджаць талакою кветкі ва ўрочышчы ды запрасіў прыходзіць 3 чэрвеня а 13-й гадзіне на дазволены мітынг КХП БНФ, прымеркаваны да 30-х угодак адкрыцця грамадскасцю месца масавых расстрэлаў.

2 чэрвеня 2018 года. Падлетак Арсеній Дзядок прыйшоў у Курапаты з бел-чырвоным-белым сцягам. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Да неадчыненай рэстарацыі пратэстоўцы прыходзяць і сыходзяць, але на месцы стабільна застаецца каля дзясятка чалавек.

«Разлічваць на тое, што адкрыцця рэстарацыі не будзе, пакуль заўчасна», – сказаў «Белсату» Аляксей Янукевіч. – Але калі яно і будзе, то, хіба, не сёння».

У непасрэднай блізасці ад пратэстоўцаў міліцыянтаў няма, аператыўную здымку яны не вядуць. Аднак каля лесу прыпаркаваная міліцэйская машына.

Паводле Паўла Севярынца, уласнікі рэстарацыі маюць шчыльныя кантакты з сілавікамі, якія паведамляюць ім, што адбываецца.

«Белсат» працягвае сачыць за сітуацый вакол рэстарацыі «Паедзем, паядзім» непасрэдна на месцы.

КА

Стужка навінаў