Дзясятае месца – вынік выступлення зборная Беларусі на чэмпіянаце Еўропы


Беларуская каманда выйграла два матчы і прайграла чатыры, але ўлічваючы, што на Еўра галоўны трэнер зборнай Беларусі прывёз самую маладую каманду турніру, такі выступ можна назваць поспехам.

Прагрэс відавочны. У 2008 годзе на еўрапейскім чэмпіянаце беларусы занялі 15-ае месца, два гады таму былі 14-ымі. Цяпер зроблена два крокі наперад.

Юрый Шаўцоў прывёз у Польшчу самую маладую каманду: 20-гадовыя Каралёк, Юрынок, Кулеш, 22-гадовыя Хадкевіч і Салдаценка. Фактычна да канца чэмпіянату гэтыя маладыя хлопцы выйшлі на першыя ролі ў камандзе. Але безумоўным адкрыццём турніру стаў брамнік СКА Вячаслаў Салдаценка, які бліскуча замяніў траўмаванага Віталя Чарапенька.

На старце беларусам дасталася самая моцная група на Еўра, гэта даказвае, той факт, што Нарвегія і Харватыя выйшлі ў паўфінал турніру. Пачыналі хлопцы Юрыя Шаўцова з паразы ад Харватыі 21:27, а пазней зазналі галоўную вікторыю на гэтым турніры – адправіўшы дадому Ісландыю, перамогшы яе з лікам 39:38. Цікава, што толькі ісландцы змаглі перамагчы на ​​гэтым чэмпіянаце Нарвегію, але ў наступную стадыю пайшлі беларусы, нягледзячы на ​​паразу ад Нарвегіі з лікам 27:29.

У асноўным раўндзе беларусы зазналі паразу ад Францыі (23:34) ды Польшчы (27:32) і ў заключным матчы чэмпіянату без Сяргея Рутэнкі, Сяргея Шыловіча, Максіма Бабічава, Івана Броўкі – сіламі фактычна адной моладзі – 27 студзеня з лікам 30:29 абгулялі Македонію ды фінішавалі дзясятымі. Такі фініш дасць беларусам льготы пры лёсаванні наступнага топ-турніру.

Заключны дзень асноўнага этапу чэмпіянату Еўропы прынёс сапраўдную сенсацыю. Зборная Францыі прыехала ў Польшчу ў якасці лепшай каманды свету – яна выйгралі апошні чэмпіянат свету, Алімпіяду і чэмпіянат Еўропы. Аднак на Еўра-2016 Францыя можа стаць у лепшым выпадку пятай.

Спачатку Францыя прайграла гаспадарам турніру з лікам 25:31, а 27 студзеня саступіла галоўнаму адкрыццю турніру зборнай Нарвегіі – 24:29. У той жа дзень здарылася катастрофа для зборнай Польшчы, якая прайграла Харватыі з розніцай у 14 мячоў (23:37), і цяпер у матчы за сёмае месца згуляе са Швецыяй. У паядынку за пятае месца згуляюць Францыя і Данія, а за медалі ў паўфіналах пазмагаюцца Іспанія і Харватыя, Нарвегія і Нямеччына. Усе матчы пройдуць 29 студзеня. Фінал і гульня за трэцяе месца прызначаная на 31 студзеня.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў