Дзяржсакратар ЗША Джон Керы назваў галоўнай умовай зняцця санкцый ЗША і ЕЗ з Расеі поўнае выкананне Менскіх дамоўленасцяў на Данбасе.
Пра гэта Керы паведаміў на прэс-канферэнцыі з кіраўніком Міністэрства замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым.
Керы выказаў надзею на тое, што «сябры і саюзнікі» ЗША будуць граць пэўную ролю ў тым, каб дапамагчы рэалізацыі Менскіх дамоўленасцяў, інфармуе interfax.by.
Ён таксама заявіў, што спынення агню на паўднёвым усходзе Украіны пакуль не адбылося.
«Незалежна ад таго, хто робіць першы стрэл, у любым выпадку, пакуль яшчэ няма спынення агню, да якога заклікаюць Менскія пагадненні», – сказаў прадстаўнік ЗША па выніках перамоваў з кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
«Мы спрабуем узаемадзейнічаць з усімі бакамі, каб дамагчыся рэалізацыі гэтых пагадненняў. Я хачу сказаць, што як прэзідэнт Пуцін, так і міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў паўтарылі, што яны імкнуцца да рэалізацыі Менскіх пагадненняў. І мы казалі пра тое, як можна паскорыць гэтую рэалізацыю і як развеяць недавер абодвух бакоў, які перашкаджае гэтаму», – падкрэсліў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі.
Дзяржсакратар ЗША Джон Керы назваў сярод неадкладных крокаў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне спыненне агню ў Шырокіна. «Сёння я казаў пра тое, якія крокі могуць быць прыняты бакамі ў найбліжэйшыя тыдні і дні. Мы лічым, што сапраўднае спыненне агню ў Шырокіна павінна адбыцца», – сказаў Керы.
Керы паведаміў, што выказаў сваю заклапочанасць «працягам агню ў Шырокіна і ў аэрапорце Данецку». Ён таксама адзначыў, што «працягваецца садзейнічанне сепаратыстам у галіне кіравання і кантролю».
«Таксама важная дэмілітарызацыя, вывядзенне цяжкой зброі і маніторынг АБСЕ», – сказаў ён.
Акрамя таго, па словах Керы, «неабходны сапраўдны дыялог у рамках рабочых груп Менскага пагаднення адносна выбараў у Данбасе, якія павінны падлягаць маніторынгу, а таксама па пытанні дэцэнтралізацыі».
«Статус дэцэнтралізацыі вельмі важны для рэгіёну», – падкрэсліў дзяржсакратар ЗША.
МЯ, паводле interfax.by