Дзяржсакратар Папы Рымскага сустрэнецца ў Менску з кіраўніком краіны і лідарам праваслаўнай Царквы


Дзяржаўны сакратар Папы Рымскага П’етра Паролін па запрашэнне ўладаў Беларусі наведае з афіцыйным візітам 12-15 сакавіка беларускую сталіцу. Ён мае спаткацца з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам і мітрапалітам Паўлам, паведамляецца на афіцыйным сайце рыма-каталіцкага Касцёлу ў Беларусі.

Пасланнік Папы Рымскага пагутарыць з маладымі вернікамі і прыме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі пачатку будаўніцтва новага будынку Апостальскай нунцыятуры ў Менску – дзяржсакратар пантыфіка асвяціць першы закладаны камень, дакладвае interfax.by.

Прадстаўнікі каталіцкага Касцёлу ў Беларусі падкрэслілі, што візіт дзяржсакратара з’яўляецца важным жэстам Папы Рымскага, якім ён «жадае выказаць сваю глыбокую павагу да беларускага народу і праз свайго бліжэйшага паплечніка сустрэцца з каталікамі Беларусі ў малітве і яднанні сэрцаў».

«Схіляючыся перад пакутніцкай гісторыяй Беларусі і падзяляючы яе надзеі на будучыню, Пантыфік высока ацэньвае тое, што Беларусь стала месцам сустрэчы і дыялогу бакоў, уцягнутых у драматычны канфлікт, які скалынае рэгіён», – адзначылі на сайце каталіцкага Касцёлу ў Беларусі.

17 лютага ўлады Беларусі зарэгістравалі Менскую тэалагічную акадэмію імя святога Яна Паўла ІІ, якая мае стацца першай вышэйшай навучальнай установай, дзе выкладанне будзе весціся цалкам на беларускай мове.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў