Дзярждэпартамент ЗША папярэдзіў пра пагрозу новых тэрактаў у Еўропе


Дзяржаўны дэпартамент ЗША папярэдзіў амерыканцаў пра рызыкі падарожжаў па Еўропе пасля серыі выбухаў у Бруселі, адказнасць за якія ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава».

«Тэрарыстычныя групоўкі працягваюць планаваць ажыццяўленне ў бліжэйшай перспектыве нападаў на тэрыторыі Еўропы, іх мэтай могуць стаць спартыўныя мерапрыемствы, месцы, якія наведваюць турысты, рэстараны і транспартная інфраструктура», – гаворыцца ў заяве Дзярждэпартаменту.

Грамадзянам ЗША рэкамендавалі быць пільнымі ў грамадскіх месцах і ў транспарце, а таксама пазбягаць вялікай колькасці людзей. Асабліва ўважлівымі раяць быць падчас рэлігійных святаў, маштабных фестываляў і мерапрыемстваў.

Глядзіце яшчэ >>> У інтэрнэце зʼявілася фатаграфія магчымых выканаўцаў тэрактаў у Бруселі

Шмат якія амерыканскія гарады ўзмацнілі захады бяспекі ў аэрапортах і на чыгуначных станцыях, хоць урад папярэдзіў, што няма ніякіх новых дадзеных, якія б сведчылі пра планаваныя тэрарыстычныя атакі ў ЗША.

У выніку выбухаў у аэрапорце і на станцыі метро «Мальбэк» у Бруселі загінулі прынамсі 34 чалавекі, яшчэ каля 250 пацярпелі.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў