Дзярждэп у дакладзе згадаў пра прымусовую працу і секс-рабства ў Беларусі


Дзяржаўны дэпартамент ЗША ў сваёй справаздачы ацаніў сітуацыю з гандлем людзьмі і прымусовай працай у розных краінах свету.

Дакумент называецца «Даклад аб гандлі людзьмі. Чэрвень 2016».

Некалькі яго старонак прысвечаныя Беларусі, на іх пералічваюцца прыклады прымусовай працы ў краіне. Ніжэй падаем фрагменты тэксту справаздачы.

Беларусь – крыніца, месца транзіту і краіна прызначэння для мужчынаў, жанчын і дзяцей, якія падпадаюць пад сексуальны гандаль і прымусовую працу. Беларускія ахвяры перадусім становяцца абʼектамі гандлю ў Расеі ды Беларусі, а таксама ў Польшчы, Турцыі ды іншых краінах Еўразіі і на Блізкім Усходзе.

Прымусовая праца ў Беларусі

  • Прымусовая праца, якая падтрымліваецца дзяржавай, застаецца праблемным пытаннем. У ліпені 2015 года Рада правоў чалавека ААН прыняла рэзалюцыю, у якой, сярод іншага, выказала глыбокую занепакоенасць з прычыны «парушэння ўрадам працоўных правоў у справе прымусовай працы». Еўрапарламент асудзіў дэкрэт кіраўніка краіны, які патрабуе ад беспрацоўных выплочваць дзяржаве мыта або накіроўвацца на грамадскія працы.
  • Камітэт ААН у эканамічных, сацыяльных і культурных правах раней выказаўся наконт дэкрэту кіраўніка Беларусі, выдадзенага ў 2012-ым годзе, які «фактычна пазбаўляе працаўнікоў права свабодна звальняцца з прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны».
  • Камітэт экспертаў Міжнароднай арганізацыі працы паведаміў у справаздачы, што закон 2010 года, які прымушае беларусаў, якія церпяць ад алкагалізму і наркатычнай залежнасці, перабываць у «медычных працоўных цэнтрах» ад 12 да 18 месяцаў. Там яны абавязаныя працаваць, у выпадку адмовы можа быць пакаранне, як адзіночнае зняволенне да 10 дзён. Паводле стану на чэрвень 2015 года ў такіх цэнтрах былі 6700 асобаў.
  • Урад працягнуў практыку суботнікаў, якая патрабуе ад працаўнікоў урадавых, дзяржаўных арганізацыяў, а таксама шмат якіх прыватных арганізацыяў працаваць у выпадкова абраныя суботы і ахвяраваць свае прыбыткі на дзяржаўныя праекты. Адмысловы спавяшчальнік ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі адзначаў, што наступствамі няўдзелу ў суботніках было непадаўжэнне кантрактаў, а таксама нявыплата штомесячных бонусаў.
  • Улады патрабуюць, каб студэнты ўніверсітэтаў і вышэйшых школаў дапамагалі фермерам падчас збору ўраджаю. За працу студэнтам пры гэтым не плоцяць.
  • Паводле розных крыніцаў, улады прымушаюць вайскоўцаў тэрміновай службы выконваць працу, не звязаную з вайсковай службай.

Урад Беларусі не ў поўнай ступені прытрымліваецца мінімальных стандартаў у выкараненні гандлю людзьмі і не робіць у гэтым кірунку значных намаганняў.

Некаторыя з рэкамендацыяў беларускаму ўраду

  • Рэфармаваць дзяржаўную палітыку з мэтай выкаранення ўсіх формаў прымусовай працы, якая падтрымліваецца дзяржавай. У тым ліку за кошт адмены ўказаў кіраўніка краіны і іншых законаў.
  • Змяніць артыкул 181: зацягванне ў прастытуцыю дзяцей маладзейшых за 18 мусіць разглядацца як злачынства з катэгорыі «гандаль людзьмі».
  • Павялічыць абʼём рэсурсаў, што вылучаюцца на аказанне дапамогі ахвярам гандлю людзьмі, як для дзяржаўных тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, так і для няўрадавых арганізацыяў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў