Дзяржава разглядае права набываць імпарт, як прывілей. Ды… патрабуе ад беларусаў за яго даплачваць


Гэткае ноу-хау краіна атрымала замест падатку на выезд з краіны, які абмяркоўваўся ўладамі 2 гады таму. Як працуе ўказ нумар 40?

Улады закручваюць гайкі на імпарце. Новыя абмежаванні ўводзяцца на тавары асабістага карыстання, якія беларусы замаўляюць за мяжою ці прывозяць самі.

З 11 красавіка, калі беларус будзе закупацца за мяжою часцей, чым раз на тры месяцы, то бязмытна ён зможа прывесці дадому рэчаў не на паўтары тысячы еўраў, як дагэтуль, а толькі на трыста. Замежную пасылку можна будзе бязмытна атрымаць не даражэйшую за € 22.

Глядзіце таксама >>> Жыхарка Берасця: «Мне не падабаецца, што паўсюль закручваюць гайкі. Так можна і разьбу сарваць»

Розніца паміж дазволенаю ды і фактычнаю сумамі будзе абкладацца 30-адсоткавым падаткам, плюс € 5 мытнага збору. Паводле статыстыкі Мытнага камітэту, на сённяшні дзень каля траціны беларусаў, якія вяртаюцца на радзіму з-за мяжы, вязуць адтуль тавараў на суму больш як трыста еўраў. На думку прафесара эканомікі Леаніда Злотнікава, урад кіруецца наступнаю логікаю.

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ, ПРАФЕСАР ЭКАНОМІКІ:
«Гэта – 2 мэты. Па-першае ў краіне мала валюты – стрымаць яе адток… падтрымаць прадпрыемствы ўласнай прамысловасці».

Пры гэтым адмысловец прадказвае, што захады, абраныя для дасягнення гэтых метадаў, контрпрадуктыўныя.

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ, ПРАФЕСАР ЭКАНОМІКІ:
«Хто вывучаў міжнародную эканоміку, той ведае тэорыю Рыкарда. Якая ясна паказвае, што любое імпартазамяшчэнне паніжае ўзровень жыцця насельніцтва ў краіне».

Адмысловец тлумачыць: тарыфы на імпарт шкодзяць ня толькі гаманцам спажыўцоў, не даючы набыць танны тавар, але і айчыннай прамысловасці – пазбаўляючы яе канкурэнтнай матывацыі да ўдасканалення.

Выказванні Лукашэнкі гадавой даўніны сведчаць пра тое, што і ён гэта, нібыта разумее.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«Гэта – справа людзей. Купляюць – хай купляюць. Я сёння аддаў распараджэнне, асабліва ў Менску, каб мы ні ў якім выпадку ня стрымлівалі тавар па імпарце».

Праблема, аднак, у тым, канстатуюць адмыслоўцы, што захады ўладаў Беларусі накіраваныя не на доўгатэрміновае пераадоленне крызісу, а на змаганне з яго асобнымі праявамі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары