Дзяржаўныя медыі Турцыі: Улады затрымалі больш за 750 чалавек у выніку бунту


Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Турцыі «Anadolu» інфармуе пра арышт 754 вайскоўцаў за спробу дзяржаўнага перавароту.

Паведамляецца таксама аб звальненні 29 палкоўнікаў і пяці генералаў.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган прызямліўся ў аэрапорце Стамбулу і заявіў, што мяцеж не ўдаўся, а арганізатары бунту «паплацяцца». Перад гэтым не было вядома, дзе знаходзіцца Эрдаган. Меркавалася, што ён папросіць прытулак у адной з еўрапейскіх краінаў.

Турэцкія вайскоўцы апублікавалі сваю апошнюю заяву а 06:50 паводле мясцовага часу, напісаўшы: «Рух працягваецца».

У ноч з пятніцы на суботу група вайскоўцаў у Турцыі паспрабавала здзейсніць дзяржаўны пераварот. Вайскоўцы заявілі, што бяруць кіраванне краінай у свае рукі, каб забяспечыць выкананне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Пасля гэтага яны абʼявілі ў краіне каменданцкую гадзіну.

На вуліцах Стамбулу і Анкары зʼявіліся танкі і дзясяткі ўзброеных людзей. У небе лёталі баявыя верталёты. Сотні прыхільнікаў дзейснага прэзідэнта Эрдагана выйшлі на вуліцы, каб супрацьстаяць вайскоўцам.

У Стамбуле і Анкары гучала стральба, прагрымелі выбухі. Улады паведамляюць пра прынамсі 60 загінулых. 17 з іх – паліцыянты.

Глядзіце яшчэ >>> Жыхар Анкары: «Па сутнасці, гэта грамадзянская вайна»

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў